Ігар Марзалюк
6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея, які плануецца ўзвесці ў Мінску, прадэманструе наведвальнікам прыгажосць беларускага свету. Аб гэтым пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі расказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што Нацыянальны гістарычны музей размесціцца ў Цэнтральным раёне Мінска на ўчастку паміж пр. Пераможцаў - вул. Арлоўскай і ракой Свіслач. Тут жа створаць парк Народнага адзінства, які стане часткай водна-зялёнага дыяметра горада.
Планіровачнае рашэнне будынка Нацыянальнага гістарычнага музея паўтарае контур карты Беларусі. Экспазіцыя музея будзе змяшчаць экспанаты і інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.
"Музей - гэта своеасаблівая візітная картка, якая даходліва на ўзроўні эмоцый, эмпатыі і рэальных фактаў пакажа, што беларуская дзяржава - гэта вынік заканамернага працэсу, які ішоў тысячагоддзямі. І менавіта (стаіць задача. - Заўвага БЕЛТА) паказаць усю беларускую суб'ектнасць - як яна ўзнікала, фарміравалася. Ад самых ранніх форм гістарычнай дзяржаўнасці - гэта Полацкае і Тураўскае княствы. Праз паказ Вялікага княства Літоўскага (Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ), у склад якога ўваходзіла і тэрыторыя цяперашняй Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), беларусацэнтрычны яго паказ, як беларускай дзяржавы ў першую чаргу, - сказаў Ігар Марзалюк. - З усімі этапамі, акцэнтам на ролі беларускага чалавека, на яго таленце, яго геніяльнасці. Без перабольшання, без прыніжэння каго б там ні было. Але паказ усяго таго, што яшчэ ў свой час беларускі філосаф Самойла (Уладзімір Іванавіч Самойла, беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф. - Заўвага БЕЛТА) у 20-30 гадах XX стагоддзя назваў беларускім светам".
Гісторык адзначыў, што важна паказаць Беларусь з усімі адценнямі, канфесіямі, этнічнымі супольнасцямі. "Каб усім стала зразумела, што тое, што ў нас сёння такая Канстытуцыя і што ў нас мірна суіснуюць праваслаўныя з католікамі і пратэстантамі, што ў нас міжнацыянальны, міжканфесійны свет, - гэта вынік (шматвяковай гісторыі. - Заўвага БЕЛТА). Для нас гэта нармальна, як паветра, калі больш як адна мова, больш як адна канфесія, больш як адна этнічная супольнасць. Гэта не ўніфікацыя, не знішчэнне кагосьці за кагосьці, не прыніжэнне чалавека", - дадаў ён.
Ігар Марзалюк таксама расказаў аб патрабаванні Прэзідэнта, каб усё гэта было паказана аб'ектыўна, без перабольшання, але з годнасцю, гонарам, "без песень жальбы, лапцей і бізуна". "Трэба паказаць усю прыгажосць. І каб кожны, хто заходзіць у гэты музей, калі ён беларус, адчуваў на выхадзе прыліў гонару. Праект будзе ўнікальным. І мы пастараемся злучыць два найважнейшыя моманты. З аднаго боку, традыцыйныя падыходы - паказ артэфактаў з візуалізацыяй, з вялікім аб'ёмам нагляднасці і найноўшымі тэхналогіямі. Беларуская дзяржава на гэта грошай не пашкадуе. І мы павінны ўсім паказаць, што ў беларусаў ёсць свой нацыянальны дом, - гэта вынік таго, што на працягу стагоддзяў гераічнай і трагічнай гісторыі пакаленні продкаў будавалі гэты дом не гледзячы ні на што. Пераадольваючы самыя страшныя выпрабаванні. У тым ліку спробы нас знішчыць як народ і як нацыю. Мы ўсё гэта пераадолелі і на працягу стагоддзяў стваралі і для сябе, і для ўсяго свету ўнікальныя рэчы", - заявіў дэпутат.-0-