Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 красавіка 2024, 11:12

"Марына - вялікая малайчына!" Першая беларуская касманаўтка прыляцела дамоў

Марына Васілеўская
Марына Васілеўская
11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы касманаўт суверэннай Беларусі Марына Васілеўская вярнулася дамоў. Сённяшняй раніцай у Нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліўся самалёт, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Нацыянальным аэрапорце Мінск прыбыцця першага беларускага касманаўта чакалі з самай раніцы - з кветкамі, падарункамі і віншаваннямі. Апошнія пяць дзён Марына Васілеўская аднаўляла здароўе пасля палёту ў космас у Зорным гарадку, і сёння на радзіме яе сустракаюць некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, студэнтаў, журналістаў.

"Калі прайшоў запуск і Марына паляцела ў космас, нас перапаўнялі эмоцыі. Мы спрабавалі прасякнуцца момантам, каб захаваць яго ў памяці, хоць да канца і не разумелі ўсю гістарычную значнасць падзеі. Толькі тады, калі мы прыляцелі дамоў, пераспалі з гэтай думкай, прыйшло ўсведамленне таго, што мы сталі часткай гісторыі. Сёння, сустракаючы Марыну Васілеўскую, адчуваем самыя моцныя эмоцыі. Сустракаць першага беларускага касманаўта дома, на роднай зямлі, неверагодна ганарова", - дзеліцца пераможца конкурсу "Міс Мінск - 2023", студэнтка БНТУ Надзея Тоўсцік.

Сярод сустракаючых шмат студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Другакурсніца Соф'я Аўласовіч ад першай сустрэчы з касманаўтам чакае нечага грандыёзнага. Дзяўчыне тэма космасу здаецца нечым казачным, і ёй вельмі хацелася б даведацца, што адчувае чалавек у бязважкасці. "Аб тым, што беларуска ў космасе, мне расказала мама. Пасля ўжо больш падрабязную інфармацыю атрымала ад куратара ў ВНУ, у інтэрнэце прачытала аб навуковых эксперыментах. Гэта падзея каласальнага маштабу для нашай краіны", - лічыць студэнтка.

А вось чацвёртакурсніца БДПУ Ганна Шчаглова назірала за пускам у прамым эфіры, і ёй было б цікава даведацца ў Марыны, дзякуючы якому прыкладу яна адважылася на выхад за межы нашай планеты. "Для сябе асабіста ў той момант пераканалася, што 30 гадоў таму наша краіна выбрала правільны курс і прадаўжае яго прытрымлівацца. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што немагчыма пазнаёміцца з касманаўтам, убачыць на адлегласці выцягнутай рукі, але вось сёння мы тут і сустракаем жанчыну, якая пакарыла космас, а разам з тым зведваем неверагодны гонар за сваю краіну", - расказвае Ганна.

Асабліва хваляваліся перад сустрэчай з Марынай дзяўчаты, якія на розных этапах суправаджалі яе ў працэсе падрыхтоўкі да палёту. Бортправадніца авіякампаніі "Белавія" Вікторыя Фідрус некалі таксама ўдзельнічала ў адборы на палёт у космас. Сустракаць сёння першую беларускую касманаўтку для яе і хвалююча, і ганарова. "Мы праходзілі разам медыцынскую камісію, і з таго часу пачалі разам лятаць і ў цэлым сталі шмат часу праводзіць разам, заўсёды былі на сувязі", - расказвае Вікторыя.

"Марына - вялікая малайчына! Яна з усім справілася дастойна, прыгожа, і мы ўсе рады бачыць яе ў нас у Беларусі", - заўважае прэтэндэнтка на палёт у космас Настасся Лянкова, якая сустракала касманаўтку ў аэрапорце.

Дату вяртання на радзіму першага касманаўта суверэннай Беларусі напярэдадні, 10 красавіка, агучыў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі. Марына Васілеўская вяртаецца дамоў пасля касмічнага палёту, які прадаўжаўся 14 сутак, 12 з іх яна правяла на МКС. На Міжнароднай касмічнай станцыі беларуска выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з "Раскосмасам" і Расійскай акадэміяй навук.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі