23 жніўня, Астравец /Кар. БЕЛТА/. Ад развіцця атамнай энергетыкі сёння непасрэдна залежыць энергетычная бяспека краіны. Такую заяву ў размове з журналістамі пасля наведвання казахстанскай медыйнай і экспертнай супольнасцю Беларускай атамнай электрастанцыі зрабіў намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзяніс Мароз таксама акцэнтаваў увагу замежных экспертаў і журналістаў на тым, што ў беларускай практыцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі стала магутным стымулам для павелічэння электраспажывання ў краіне, чаму, аднак, пасадзейнічалі і прынятыя Прэзідэнтам і ўрадам стымулюючыя меры.
Апошнія некалькі гадоў паказалі, што штогадовы прырост спажывання электраэнергіі на бытавыя патрэбы складае 40 працэнтаў. Намеснік міністра энергетыкі падкрэсліў, што ў 2024 годзе тэмп росту не ўпаў і па выніках 12 месяцаў аб'ёмы спажываня могуць наблізіцца да 1 млрд кВт.гадз.
Намеснік міністра нагадаў, што рашэнне аб узвядзенні БелАЭС было прынята кіраўніком дзяржавы ў 2008 годзе і інтэгравана ў канцэпцыю энергетычнай бяспекі.
"Так ужо склалася, што Беларусь небагата на прыродныя энергетычныя рэсурсы, - заўважыў Дзяніс Мароз. - Для іх дыверсіфікацыі і арганізацыі надзейнага энергазабеспячэння беларускага спажыўца было прынята рашэнне зрабіць стаўку на мірны атам".
Другі момант, які пацвярджае правільнасць выбранай стратэгіі, - экалагічная чыстата выпрацоўваемай энергіі. Паводле слоў намесніка міністра энергетыкі, за перыяд эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі ёю выпрацавана 34 млрд кВт.гадз, што дало магчымасць знізіць спажыванне прыроднага газу нашай краінай на 9 млрд куб.м і значна скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу.
"У Беларусі ўвялі дыферэнцыраваныя тарыфы, накіраваныя на павелічэнне элетраспажывання. Сутнасць гэтых тарыфаў заключаецца ў тым, што чым больш электраэнергіі вытворца спажывае, тым за меншы кошт ён яе купляе, - растлумачыў намеснік міністра. - Мы назіраем, што прынятыя меры даюць значны эфект і колькасць спажыўцоў электраэнергіі пастаянна павялічваецца. Для насельніцтва ў сваю чаргу былі ўведзены тарыфы на электрычную энергію для выкарыстання яе на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Яны таксама пасадзейнічалі прыросту колькасці спажыўцоў".
"Уласная атамная электрастанцыя дае магчымасць фарміраваць тарыфы без прывязкі да змяненняў цэн на энергетычныя рэсурсы на сусветным рынку. Нягледзячы на турбулентныя цэны на прыродны газ і іншыя віды паліва на сусветным рынку, цана на электраэнергію ў Беларусі застаецца стабільнай і падтрымліваецца на пэўным узроўні без істотных ваганняў", - даў разгорнуты адказ на пытанне замежнага журналіста Дзяніс Мароз.-0-
Фота Раміля Насібуліна