Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2023, 16:27

"Маразы пойдуць на спад". Сіноптыкі пра надвор'е на тыдзень

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мокры снег, дажджы і туман чакаюцца ў Беларусі 7-12 лютага, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак, 7 лютага, будзе воблачнае з праясненнямі надвор'е. У многіх раёнах краіны прагназуецца кароткачасовы мокры снег. На асобных участках дарог - галалёдзіца. Вецер уначы чакаецца паўночна-заходні, удзень - з пераходам на паўночна-заходні, 3-8 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 1 да 7 градусаў марозу, пры праясненнях - ад 8 да 12 градусаў ніжэй за нуль. Удзень чакаецца ад мінус 5 да плюс 1 градуса.

B>8 лютага будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі прагназуюцца слабыя туман і шэрань. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 5-12 градусаў, пры праясненнях - 13-17 градусаў марозу, па паўднёвым захадзе - 3-4 градусы ніжэй за нуль. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 5 да 2 градусаў цяпла.

"У сераду ў фарміраванне надвор'я ўмяшаецца грэбень антыцыклону, сфарміраваны ў халоднай паветранай масе. Паказанні барометраў будуць актыўна расці, у аблоках з'явяцца ўстойлівыя праясненні, ападкі спыняцца, але ў начны час тэмпература паветра панізіцца", - расказалі ў Белгідрамеце.

У чацвер, 9 лютага, чакаецца надвор'е пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі будуць слабыя туман і шэрань. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы - ад 3 градусаў марозу па паўночным захадзе да мінус 12 па паўднёвым усходзе краіны. Пры праясненнях у Гомельскай і Магілёўскай абласцях будзе 13-15 градусаў марозу. Удзень тэмпература паветра складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.

"У ноч на пятніцу грэбень высокага ціску яшчэ будзе ўтрымліваць свае пазіцыі, а вось у ранішні час на тэрыторыю нашай краіны прарвуцца атмасферныя франты, якія да канца тыдня будуць прыносіць усё новыя порцыі ападкаў, надвор'е стане пахмурным, у Беларусь вернецца еўразіма. Маразы пойдуць на спад, а ападкі зноў пачнуць выпадаць у выглядзе снегу і мокрага снегу, па паўднёвым захадзе магчымы дождж", - паведамілі ў Белгідрамеце.

Чакаецца, што ў пятніцу, 10 лютага, уначы будзе пераважна без ападкаў, а раніцай і ўдзень на большай частцы Беларусі пройдуць ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе магчымы дождж), месцамі будзе слабы галалёд. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 4 да 9 градусаў марозу, пры праясненнях - да мінус 12. Тэмпература ўдзень будзе ад мінус 5 да плюс 2 градусаў.

У суботу на большай частцы краіны чакаюцца ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе магчымы дождж). У асобных раёнах магчымы слабыя туман і галалёд, на дарогах будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да 7 градусаў марозу, пры праясненнях - да мінус 10. Удзень слупок тэрмометра можа вагацца ад мінус 4 да плюс 2 градусаў.

У нядзелю ўначы на большай частцы тэрыторыі Беларусі (а ўдзень - месцамі па краіне) чакаюцца кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, уначы па паўднёвым захадзе магчымы дождж). Уначы па паўднёвым захадзе месцамі будуць слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад 0 да мінус 7, а ўначы пры праясненнях - да 12 градусаў марозу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі