ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 снежня 2019, 18:23

Маніпуляцыі грамадскай свядомасцю праз людзей накшталт Грэты Тунберг у Беларусі не пройдуць - аналітык

У час пасяджэння
У час пасяджэння

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі не пройдуць маніпуляцыі грамадскай свядомасцю з дапамогай людзей накшталт Грэты Тунберг. Такое меркаванне ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" у прэс-цэнтры БЕЛТА заявіла аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Кацярына Рэчыц.

У Беларусі фарміруецца новае пакаленне, якое хоча мець дачыненне да прыняцця экалагічных рашэнняў. Аналітык нагадала, што 13 снежня на сустрэчы Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў пытанне аб актуальнасці гарантавання экалагічнай бяспекі было ў ліку першых. Гэта сведчыць аб тым, што маладыя людзі абапіраюцца на зялёны парадак дня. "Для моладзі важна ўдзельнічаць у стварэнні гэтай гісторыі. Ім трэба бачыць, што яна сумленная. Маніпуляцыі з Грэтай Тунберг і іншымі такімі асобамі ў Беларусі не пройдуць. Беларусы вельмі глыбокія, свядомыя. Фальш яны бачаць адразу", - сказала Кацярына Рэчыц.

"Свет практычна страчвае розум ад пратэснай актыўнасці. 16-гадовая дзяўчынка ўзнімае да 500 тыс. чалавек на экамарш ("Марш за клімат" адбыўся ў Мадрыдзе 6 снежня. - Заўвага БЕЛТА). Экалогія становіцца прадуктам сучаснай масавай культуры. І Беларусь не можа ігнараваць сусветныя трэнды, але яны не будуць развівацца так, як ва ўсім свеце", - дадала яна.

Экалогію аналітык назвала самай зручнай сферай для палітызацыі. "Практычна любое экалагічнае пытанне на тым ці іншым этапе палітызуецца. Усё залежыць ад таго, наколькі хутка зацікаўленыя палітычныя, грамадскія сілы зразумеюць для сябе выгады, якія яны могуць атрымаць, падхапіўшы экалагічны парадак дня", - растлумачыла эксперт.

Яе пункт гледжання падтрымала кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі БДЭУ Вольга Пасталоўская. Паводле яе слоў, Грэта Тунберг аказалася інструментам інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння. "Экалагічная сфера цяпер з'яўляецца палітычным трэндам. І ў сувязі з гэтым экалогія - інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне ў палітычных мэтах і для дасягнення пэўных вынікаў, якія маюць палітычныя наступствы. Вяртаючыся да Грэты Тунберг, трэба сказаць, што, з аднаго боку, гэта актывістка ў галіне экалогіі, але з другога - звычайнае дзіця, на жаль, можа, з дыягназамі. Магчыма, за ёй стаяць пэўныя лабісцкія структуры, якія выступаюць за рэалізацыю Парыжскага пагаднення 2015 года. Таму ў гэтай сітуацыі з палітычнага пункту гледжання дзяўчынка аказалася інструментам такога інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, якім сёння стала экалагічная сфера", - лічыць Вольга Пасталоўская.

Паводле ж слоў доктара філасофіі і выканаўчага дырэктара асацыяцыі "Аднаўляльная энергетыка" Уладзіміра Нісцюка, тое, што адбылося з Грэтай, - гэта чорны піяр. "Пэўныя сілы, эканамічныя, палітычныя, зацікаўлены сёння ў тым, каб з'явілася такое дзіця. Гэта не "зямная цывілізацыя" яе дэлегавала, гэта пэўныя людзі, якія аплачваюць ёй катанне на лодцы па Атлантычным акіяне, якія адстаялі ёй альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію. Гэта зусім не "зямная цывілізацыя", гэта зусім не экалагічныя рухі. Гэта проста зацікаўленыя палітычныя, эканамічныя сілы, якія запусцілі гэту тэму праз дзіця", - заўважыў ён.

"У нас ёсць краіны, якія лічацца першапраходцамі, з'яўляюцца лідарамі ў барацьбе за экалогію, - скандынаўскія краіны. І вядома, ім сёння цікава стаць не проста лідарамі ў вырашэнні гэтых праблем, але і лідарамі ў дзяльбе таго пірага, які можа дастацца пасля рэалізацыі Парыжскага пагаднення. Ідзе размова аб тым, што мільярды долараў давядзецца ўкладваць, каб рэалізаваць экалагічныя праекты. З аднаго боку, гэта правільна, з другога - дзяльба экалагічнага пірага будзе зусім несправядлівай, як гэта было з Кіёцкім пратаколам", - нагадаў эксперт.

Ён заклікаў да ўсяго ставіцца спакойна і ўсюды шукаць эканамічную і палітычную падаплёку. "Дзіця сёння выставілі, дзіця пракрычала. Але яе выступленне ў мяне не выклікала ніякіх пазітыўных эмоцый. Мы помнім Саманту Сміт (амерыканская школьніца, якая перапісвалася з генеральным сакратаром ЦК КПСС Юрыем Андропавым. - Заўвага БЕЛТА), мы помнім шмат такіх піяр-праектаў. Гэта праекты, якія рана ці позна гаснуць, але яны не даюць ніякага эфекту", - падзяліўся меркаваннем Уладзімір Нісцюк.

Доктар юрыдычных навук, прафесар, загадчыца кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Тамара Макарава прызналася, што ёй хацелася б бачыць канкрэтныя дзеянні, а не папулізм. "Я для сябе вызначыла гэта як "феномен Грэты Тунберг" і назвала гэта экалагічным папулізмам. Справа ў тым, што любы рух, любая дзейнасць развіваюцца паступова. І вось калі гэта дзяўчынка, красамоўнічаючы літаральна ў ААН, крычала "вы пазбавілі мяне будучыні" і "вы пазбавілі мяне дзяцінства" - яна гэтым нівеліравала ўсе намаганні, якія на міжнародным і нацыянальным узроўнях былі прыкладзены за ўвесь час. Так, трэба ўключаць дзяцей, моладзь у справу аховы навакольнага асяроддзя. Але хочацца ў гэтым бачыць і нейкі пазітыў, нейкую канкрэтыку", - сказала эксперт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі