Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 ліпеня 2021, 16:03

Маладзёжны поезд #БеларусьМоладзьАдзінства прыбыў у Мар'іну Горку

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі маладзёжны поезд #БеларусьМоладзьАдзінства сёння прыбыў у Мар'іну Горку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.

У Год народнага адзінства гэты ўнікальны праект аб'яднаў моладзь з усіх рэгіёнаў нашай краіны. У ім таксама ўдзельнічаюць грамадзяне Расіі, Азербайджана, Таджыкістана і Узбекістана. Удзельнікі праекта пабывалі ўжо ў Гродне, Полацку, Віцебску, Горках, Петрыкаве і Брэсце.

У Мар'інай Горцы пасажыры маладзёжнага поезда ўсклалі кветкі да мемарыяла ў гісторыка-культурным комплексе "Алея воінскай славы". Спецыяльна для гасцей ваеннаслужачыя 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння правялі экскурсію. Маладыя людзі азнаёміліся з узорамі ўзбраення, наведалі музей гісторыі і баявой славы. Адбыўся таксама адкрыты дыялог "Моладзь і армія" з удзелам памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёра Леаніда Касінскага.

Як дадалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі, у адкрытым дыялогу таксама прыняла ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, якая расказала аб арганізацыі работы па ваенна-патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі і якія першасныя веды і навыкі, неабходныя для службы ва ўзброеных сілах, атрымліваюць навучэнцы. Асаблівую ўвагу пры гэтым яна ўдзяліла фарміраванню ў навучэнцаў уяўленняў аб ваеннай службе і воінскім абавязку.

Для навучэнцаў 10-11-х класаў выкладаецца вучэбны прадмет "Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка", пачынаючы з 2019 года - па абноўленай вучэбнай праграме. У 2020/2021 навучальным годзе на базах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 51 цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, у якім навучаюцца 18 705 юнакоў з 647 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У Беларусі дзейнічаюць 8 кадэцкіх вучылішчаў, у якіх навучаюцца больш за 1,6 тыс. навучэнцаў 8-11-х класаў. Штогод больш за 60 працэнтаў выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў становяцца курсантамі ваенных навучальных устаноў, ваенных факультэтаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Міністэрства адукацыі распрацавала праект, рэалізацыя якога будзе садзейнічаць выхаванню грамадзян - патрыётаў сваёй краіны, - стварэнне Полацкага кадэцкага корпуса, у якім будуць навучацца кадэты Беларусі і Расіі.

Для ўдасканалення ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, матывацыі юнакоў да ваеннай службы з 1 верасня 2020 года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адкрыты 47 профільных класаў (груп) ваенна-патрыятычнай накіраванасці для 787 навучэнцаў. Вядзецца работа над дзяржаўнай праграмай патрыятычнага выхавання да 2025 года. У ёй плануецца адлюстраваць асноўныя моманты, якія датычацца фарміравання патрыятычных каштоўнасцей у свядомасці людзей. Асобны раздзел праграмы будзе накіраваны на павышэнне матывацыі моладзі да службы ва ўзброеных сілах і іншых дзяржаўных органах сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, рэалізацыю дадатковых мер па павышэнні сацыяльнага статусу ваеннаслужачых і грамадзян, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, на фарміраванне пазітыўнага стаўлення да ваеннай службы і павышэнне яе прэстыжу сярод моладзі.

У непарыўным адзінстве з працэсам навучання знаходзіцца выхаваўчая работа. Міністэрства адукацыі распрацавала пералік рэкамендаваных для наведвання экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў у рамках правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. У пералік уключаны 453 экскурсійныя аб'екты і 80 турыстычных маршрутаў. Вялікая ўвага ва ўстановах адукацыі ўдзяляецца арганізацыі пошукава-даследчай работы па ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, правядзенні пошукавых экспедыцый, вахт памяці. Створаны пошукавыя клубы, атрады, групы. Цяпер ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць 249 пошукавых аб'яднанняў.

Эфектыўная форма патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі - ваенна-патрыятычныя лагеры, спартыўныя гульні і спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту і фізічнай падрыхтоўцы, якія праводзяцца ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам абароны, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Міністэрствам унутраных спраў і Дзяржаўным пагранічным камітэтам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі