
3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца сховішчам культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа. Важнасць гэтага адзначыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на ўрачыстым мерапрыемстве Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прысвечаным 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
100-годдзе з дня ўтварэння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2022 год. Мерапрыемства было арганізавана Міністэрствам замежных спраў сумесна з Міністэрствам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай.
Уладзімір Макей, які з'яўляецца старшынёй Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, высока ацаніў дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі ў сферы гуманітарнага міжнароднага супрацоўніцтва.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў унікальнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адзначыў, што яна з'яўляецца сховішчам ведаў, культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа, а таксама звярнуў увагу на сімвалічнасць правядзення юбілейных мерапрыемстваў бібліятэкі ў Год гістарычнай памяці.
Уладзімір Макей уручыў дыпломы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі за значны ўклад у захаванне беларускай культурнай і дакументальнай спадчыны.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства таксама звярнуліся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з выставай "Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра", экспазіцыя якой складаецца з архіўных фатаграфій і мастацкіх работ вядомых беларускіх фотамайстроў.
На мерапрыемстве выступіў калектыў выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.-0-