Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 жніўня 2020, 14:40

Макараў: у посткавідную эпоху дамінуе тэма моцнай, устойлівай дзяржавы

5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У посткавідную эпоху дамінуе тэма моцнай, устойлівай дзяржавы. Такое меркаванне ў час чарговага пасяджэння праекта БІСД і БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" - "Пасланне Прэзідэнта Беларусі. Погляд у будучыню" выказаў дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў.

Эксперт выказаўся наконт трэндаў у палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы, якія прадоўжаны пасля пандэміі. Ён звярнуў увагу, што Прэзідэнт у сваім Пасланні ўказаў на многія з іх і звязаныя з імі выклікі і магчымасці. Так, беларускі лідар падкрэсліў значнасць моцнай дзяржавы. "Сапраўды, на сённяшні дзень, у посткавідную эпоху, тэма моцнай, устойлівай дзяржавы дамінуе. І мы бачым, як буйныя замежныя аналітыкі схіляюцца да таго, што моц дзяржавы і яе ўстойлівасць з'яўляюцца асноўнай перавагай, каб пераадолець турбулентнасць", - адзначыў Алег Макараў.

Ён згадзіўся з меркаваннем заснавальніка і дырэктара Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўгена Прэйгермана, што пры ўнутраных праблемах вельмі складана рабіць знешнюю палітыку. "Але я бачу рызыку ў тым, што правілы дзікай дыпламатыі або дзікай геапалітыкі дазваляюць па-рознаму ставіцца да дзяржавы стабільнай і нестабільнай. Напэўна, не варта чакаць, што калі ў нас будзе турбулентнасць і ўнутраныя праблемы, то знешнія ігракі будуць захоўваць свой твар і праводзіць у адносінах да нас ранейшую палітыку. Хутчэй за ўсё, яны будуць дазваляць сабе нейкія іншыя рэчы, якія адносна моцнай, устойлівай, вядомай дзяржавы, што актыўна развіваецца, лічацца непрымальнымі, неэтычнымі", - лічыць дырэктар БІСД.

Алег Макараў падкрэсліў, што ад сацыяльнай мадэлі ў Беларусі не адступяць. "Вялікая філасофская дылема - ідзём мы да дзяржавы сацыяльнай або сэрвіснай. У Канстытуцыі напісана, што Беларусь - сацыяльная дзяржава. Цяпер мы ўсё больш і больш хочам, каб яна нам што-небудзь давала і была для нас сэрвіснай. Але ў цяперашніх умовах, умовах турбулентнасці без падтрымкі насельніцтва будзе вельмі цяжка выжыць", - канстатаваў ён.

Дырэктар БІСД нагадаў аб іншых трэндах, на якіх спыняўся Прэзідэнт у сваім Пасланні. Так, у ліку іншага ён закранаў тэму лічбавізацыі. "Новае пакаленне мабільнай сувязі 5G, інтэрнэт рэчаў, алічбоўка сельгасугоддзяў. Мы таксама ідзём гэтым шляхам. Што датычыцца яшчэ аднаго трэнду, звязанага з міграцыяй, Прэзідэнт спыніўся на дэўрбанізацыі. На гэта звяртаюць увагу спецыялісты - вялікія гарады (і пандэмія гэта паказала) зведваюць найбольшы прэсінг пагрозы. Чым большая шчыльнасць насельніцтва, тым складаней праходзіць праз такія рызыкі. Я не кажу ўжо аб спадарожных праблемах, такіх як загазаванасць, заторы і г.д", - дадаў Алег Макараў. У сувязі з гэтым перспектыўнай бачыцца ідэя задзейнічаць пад развіццё асабістых прысядзібных гаспадарак пустуючыя, закінутыя ўчасткі ў вёсках, асабліва ў неперспектыўных. "Мне здаецца, гэта цікавая і прывабная для беларуса тэма - стаць гаспадаром сваёй зямлі. Ідэя добрая, і толькі яе адну можна абмяркоўваць бясконца", - лічыць ён.

У посткавідным перыядзе атрымае развіццё дыстанцыйная адукацыя. "Можна гаварыць, што посткавідным трэндам будзе павышэнне элітарнасці "жывой" адукацыі і наступленне дыстанцыйнай адукацыі ад лідараў гэтага сегмента. Магчыма, што і на наш рынак зойдуць гіганты ў прадастаўленні дыстанцыйных адукацыйных паслуг, спрагназаваў дырэктар БІСД. У любым выпадку змяненні, з'яўленне магчымасцей павысяць канкурэнтнасць адукацыйнага рынку Беларусі, рэзюмаваў аналітык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі