Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2021, 13:14

Луцкі: наш свяшчэнны абавязак - захаваць гістарычную праўду аб Перамозе над нацызмам

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наш свяшчэнны абавязак - захаваць гістарычную праўду, памяць аб Перамозе над нацызмам і перадаць яе будучым пакаленням. Аб гэтым заявіў сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным адкрыццю экспазіцыі "Поезд Перамогі" на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Поезд Перамогі" - гэта ўнікальны інтэрактыўны праект, які дае магчымасць з дапамогай сучасных тэхналогій адчуць атмасферу таго трагічнага і ў той жа час гераічнага моманту. З гэтай экспазіцыяй азнаёміліся ўжо больш за 90 тыс. чалавек у Расійскай Федэрацыі, а сёння "Поезд Перамогі" прадаўжае свой шлях у Рэспубліцы Беларусь. Састаў пройдзе па ўсіх рэгіёнах нашай краіны, 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны сустрэне ў Брэсцкай крэпасці-героі, якая адной з першых прыняла той удар фашысцкай агрэсіі. Вельмі сімвалічна, што нядаўна гэта экспазіцыя была дапоўнена экспазіцыяй гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, якая ва ўсім свеце лічыцца ўзорам нязломнай мужнасці і воінскай доблесці", - адзначыў Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, такія праекты, як "Поезд Перамогі", не толькі дапамагаюць яшчэ раз асэнсаваць мінулае, але і ўмацоўваюць адзінства. "Вайна пакінула след практычна ў гісторыі кожнай беларускай сям'і. Мы страцілі кожнага трэцяга, і ніколі не забудзем гэтага. Сёння наш свяшчэнны абавязак - захаваць гістарычную праўду, памяць аб Перамозе над нацызмам і перадаць яе будучым пакаленням. Праўда заключаецца менавіта ў тым, што народы Савецкага Саюза ўнеслі вырашальны ўклад у разгром фашызму і ўратавалі свет ад карычневай чумы, што б ні гаварылі цяперашнія рэвізіяністы ад гісторыі, якія падымаюць цяпер галаву ва ўсіх краінах свету", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Супраць Беларусі і Расіі ідуць бесперапынныя інфармацыйныя войны і атакі. Нашым людзям, асабліва моладзі, спрабуюць навязаць наскрозь фальшывыя гістарычныя наратывы, калі Савецкі Саюз нараўне з фашысцкай Германіяй абвінавачваюць у развязванні Другой сусветнай вайны, калі савецкія сімвалы прыраўноўваюцца да нацысцкіх, а людзям забараняюць адзначаць свяшчэннае для іх свята пад сцягам Вялікай Перамогі, - сказаў ён. - Яны хочуць, каб мы, нашчадкі герояў-пераможцаў, апраўдваліся за сваіх дзядоў і прадзедаў, якія цаной уласнага жыцця выратавалі жыццё ўсяму чалавецтву. Мы прынялі гэты выклік, мы абаронім праўду, абаронім наша права на памяць аб подзвігу, наша права на суверэннае развіццё сёння і ў будучым".

У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і ААТ "Расійскія чыгункі" ў Год народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і актыўным садзейнічанні рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

"Поезд Перамогі" будзе курсіраваць па БЧ з 11 па 28 чэрвеня гэтага года. Як удакладнілі ў БЧ, з 11 па 13 чэрвеня экспазіцыя будзе ў Мінску, 14-15 чэрвеня яе змогуць наведаць жыхары Оршы, 16-17 чэрвеня - Віцебска, 18 чэрвеня поезд зробіць прыпынак у Полацку, 19-20 чэрвеня экспазіцыя будзе даступна для прагляду ў Гродне. У Брэсце "Поезд Перамогі" будзе з 21 па 24 чэрвеня, у Гомелі можна будзе пабываць у музеі 25-26 чэрвеня, а завершыцца паказ у Магілёве 27-28 чэрвеня - у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"Поезд Перамогі" - гэта маштабны гісторыка-асветны праект, заснаваны ў Расіі камандай творчай майстэрні "Неўскі баталіст" сумесна з медыягрупай "Чырвоны квадрат" пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, ААТ "Расійскія чыгункі" і грамадскай арганізацыі "Валанцёры Перамогі" ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення Года памяці і славы ў Расіі. У першы рэйс поезд адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года. За час работы музей наведалі ўжо амаль 92,5 тыс. чалавек з 38 гарадоў Расіі.

Гэты праект уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на эфекце прысутнасці, якая створана на базе вагонаў перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Састаў "Поезд Перамогі" ўключае 12 вагонаў, дзевяць з якіх экспазіцыйныя. Адзін з іх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям - членам сем'яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.

"Праект "Поезд Перамогі" - гэта ўнікальная ў сваім родзе экспазіцыя, якая складаецца з дзевяці вагонаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект стварала вялікая каманда людзей. Праект імерсіўны, унікальны тым, што наведвальнікі аказваюцца ўнутры поезда, маючы магчымасць дакрануцца да прадметаў, пачуць аўдыярасказ. Тут паказана жыццё Савецкага Саюза і яго грамадзян, адлюстравана вайна праз прызму чыгункі, - расказала каардынатар каманды "Неўскі баталіст" Маргарыта Папова. - У экспазіцыі наведвальнікі сустракаюць мноства медыяэкранаў, больш за 100 фігур герояў, інтэр'еры вагонаў, незвычайныя лакацыі, якія не адносяцца да чыгункі, - усё гэта адноўлена ў натуральную велічыню".

У аснове - трохмерныя панарамы: жывапісныя палотны, макеты і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Маршрут па "Поезде Перамогі" - гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага. Перадваенныя гады - Вялікая Айчынная - Перамога. На сёння ў музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры, дадалі ў БЧ.

"Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваюцца аб'ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп'ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка", - адзначылі ў прэс-цэнтры БЧ.

Праект "Поезд Перамогі" з'яўляецца сацыяльным як у Расіі, так і ў Беларусі. Час работы экспазіцыі з 10.00 да 20.00. Перапынак з 14.00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі з 12 гадоў. У адным вагоне "Поезда Перамогі" адначасова могуць знаходзіцца не больш за 10 наведвальнікаў, час праслухоўвання аўдыягіда складае 5 хвілін, агульны час экскурсіі - 45 хвілін.

"У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю поезда і існуючай эпідсітуацыяй наведванне экспазіцыі будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах, якія распаўсюджваюцца сярод арганізацый і навучальных устаноў Беларусі мясцовымі органамі выканаўчай улады. Работа экспазіцыі будзе арганізавана з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы і папярэджанні распаўсюджвання вірусных інфекцый. Наведвальнікі абавязаны выконваць масачны рэжым", - дадалі ў БЧ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі