ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 28 верасня 2021
Мінск Ясна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лютага 2021, 13:04

Луцкі: 2020 год даў магчымасць беларускай журналістыцы раскрыцца ва ўсёй красе

Ігар Луцкі
Ігар Луцкі

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 2020 год даў магчымасць беларускай журналістыцы раскрыцца ва ўсёй красе. Такое меркаванне выказаў сёння міністр інфармацыі Ігар Луцкі на падагульняючай калегіі Мінінфарма, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Год сапраўды быў няпросты, але атрыманы тады вопыт, узаемападтрымка, адчуванне, што ты не адзін, дапамаглі ў пэўны момант ва ўсёй красе раскрыцца беларускай журналістыцы. Было створана шмат моцных журналісцкіх матэрыялаў, з'явіліся лідары меркаванняў сярод журналістаў. І гэта вельмі важны момант", - сказаў Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, на падагульняючай калегіі абмяркуюць праблемы інфармацыйнага суверэнітэту. "Крыху ўбок адыдуць пытанні, якія традыцыйна разглядаюцца на калегіі Мінінфарма: выдавецкая, паліграфічная дзейнасць. Акцэнт будзе зроблены на інтэрнэт-вяшчанні, рабоце ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, тэлебачанні, друкаваных СМІ. Сёння адзін з важнейшых напрамкаў - работа ў сетцы. У нейкай меры ў гэтай сферы мы не так добра развіваліся. Аднак жнівень 2020 года паказаў, што ў нас ёсць магутнасці і рэзервы, у тым ліку кадравыя, якія далі магчымасць выстаяць у няпросты час. Тэлебачанне - гэта таксама наш магутны рэсурс", - падкрэсліў міністр.

На пасяджэнні будуць разглядацца прапановы аб змяненні работы рэгіянальнай прэсы. "Мы павінны згрупаваць у рэгіёнах друкаваныя СМІ ў адзіны кулак. У сувязі з гэтым раённую прэсу неабходна падпарадкаваць або непасрэдна аблвыканкамам, або стварыць холдынгі на базе абласных газет. Гэта дасць магчымасць аптымізаваць затраты, у некаторай ступені развязаць рукі журналістам", - растлумачыў Ігар Луцкі.

У сваю чаргу міністр адзначыў, што сёння друкаваная прэса павінна відазмяняцца: "Неабходна максімальна адысці ад кантэнту навін, сканцэнтравацца на расследаваннях, матэрыялах, якія будуць аналізаваць сітуацыю, што адбываецца, а не даваць яе адлюстраванне. Лічу, холдынг "Звязда" павінен памяняць фармат работы: яны павінны вярнуцца ў рэчышча грамадска-палітычнай інфармацыі. У сувязі з гэтым мы пераводзім літаратурныя часопісы "Полымя", "Нёман", "Маладосць" у выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Ігар Луцкі дадаў, што асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце прэс-службаў. "Указ нумар 65 "Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі" ніхто не адмяняў. У той жа час Міністэрства інфармацыі не можа быць PR-службай іншых галін, гэтым павінны займацца ўнутры галін і ведамстваў, дзе ёсць вялікая армія супрацоўнікаў. Мы бачым у гэтым напрамку некаторыя недапрацоўкі, пастараемся гэта трансфармаваць", - рэзюмаваў ён.-0-

Фота Раміля Насібуліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі