Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2022, 11:30

Людзі незвычайнай сілы волі: герояў інклюзіўнай прэміі ўшаноўвалі ў Гомелі

7 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Самых паспяховых людзей з інваліднасцю ўзнагародзілі ў Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На званне "Самы паспяховы чалавек з інваліднасцю Гомельшчыны" ў гэтым годзе былі вылучаны 11 чалавек з рознымі формамі інклюзіі. У такім пашыраным фармаце прэмія, прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў, прайшла ў рэгіёне ўпершыню. Людзей незвычайнай сілы волі віталі ў Гомельскім гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры - адзінай профільнай установе краіны. Перад пачаткам цырымоніі ўдзельнікі і госці прэміі выканалі гімн Беларусі на мове жэстаў.

Маладыя хлопцы і дзяўчаты, а таксама сталыя людзі з інваліднасцю сталі героямі інклюзіўнай прэміі. Сярод іх спартсмены, масажыст, сацыяльныя работнікі, фрэзероўшчык, майстар на вытворчасці, рэжысёр па адукацыі і ініцыятар творчых праектаў і фестываляў.

"За шматгадовую грамадскую дзейнасць і вялікі асабісты ўклад" узнагароджаны старшыня ГАГА "Інваліды-спінальнікі", старшыня савета грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў Гомельскай вобласці Генадзь Залатароў. Ён ужо 25 гадоў узначальвае арганізацыю, ініцыюючы шматпрофільныя форумы, семінары і розныя фарматы грамадскай працы з інвалідамі ў рэгіёне. "Мне ёсць яшчэ што сказаць і што зрабіць. І тыя мэты і задачы, якія стаяць перад нашай грамадскай арганізацыяй, будуць актуальныя заўсёды. Гэта і стварэнне безбар'ернага асяроддзя для людзей з інваліднасцю, іх сацыялізацыя ў жыцці, абарона іх правоў і інтарэсаў", - падкрэсліў ён.

Генадзь Залатароў адзначыў, што толькі ў сацыяльным партнёрстве з дзяржавай удаецца дасягнуць сур'ёзных вынікаў па сацыялізацыі людзей з інваліднасцю. Дзякуючы гэтаму ствараецца камфортнае асяроддзе ў населеных пунктах, а некаторыя людзі знаходзяць сэнс жыцця.

Напрыклад, Алег Паўлавіч не чуе з самага дзяцінства, аднак гэта акалічнасць не перашкодзіла яму рэалізавацца ў жыцці як спецыялісту, мужу і шматдзетнаму тату. Алег удачна жаніўся, выхоўвае дзвюх дачок і сына. Захапляецца дызайнам мэблі і аўтабіятлонам, арганізуе аўтападарожжы для людзей з інваліднасцю ў Расію, Грузію, Турцыю. З 1995 года працуе фрэзероўшчыкам на прадпрыемстве "Віпра". Сам авалодаў навыкамі праграмавання і распрацаваў праграмнае забеспячэнне для фрэзеровачных станкоў. "Усё проста: я ўмею правільна размеркаваць свой час. Таму хапае і на сям'ю, на працу, а таксама на падарожжы", - дзеліцца вопытам Алег. Мужчына адзначаны ў намінацыі "Інклюзіўныя інавацыі", а таксама ў імкненні да самаразвіцця.

У намінацыі "Пераадолей сябе" ўзнагарода дасталася 22-гадоваму Аляксандру Сідзельніку. Хлопец без рук упэўнена плыве да сваёй мэты. Ужо цяпер у яго асабістым заліку - шматлікія перамогі ў спаборніцтвах на розных узроўнях, ён неаднаразовы чэмпіён краіны па плаванні. Дзеючы спартсмен Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх гульнях марыць рэалізавацца ў далейшым і як трэнер. Праўда, ёсць яшчэ адна мара - удзел у паралімпійскіх гульнях. На пытанне пра сакрэт поспеху сціпла адказвае, што такога ў яго няма. Галоўнае ў плаванні - старанна працаваць, напрацоўваючы тэхніку.

Таксама лепшых з іх назвалі ў такіх намінацыях, як "Працоўная адаптацыя", "Сацыяльная рэабілітацыя і абілітацыя", "Дабрачыннасць", "Развіццё інклюзіўнай культуры", "Выхаванне інклюзіўнага грамадства", "Прапаганда здаровага ладу жыцця", "Рэалізацыя ў спорце" і "Інклюзіўная Гомельшчына".

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Пётр Шуцько вылучыў гэту цырымонію з шэрага ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рэгіёне і краіне да Міжнароднага дня інвалідаў. "Сёння, слухаючы гісторыі герояў нашай цырымоніі, вызначыў тры асноўныя складнікі іх поспеху. Па-першае, гэта неабходнасць паверыць у сябе, па-другое, важна паставіць мэту і, па-трэцяе, пераадолець бар'ер у выглядзе парога ўласнага дома. І кожны намінант знайшоў сваю нішу, сваё прызванне, сваю прафесію, сябе ў жыцці. Дзякуючы кожнаму з іх, і грамадства па-іншаму глядзіць на інклюзію", - адзначыў ён.

Пётр Шуцько прапанаваў пашырыць фармат і зрабіць мерапрыемства штогадовым. "Гісторыі жыцця гэтых людзей паказваюць, што, нягледзячы на абмежаванні, магчымасці чалавека бязмежныя", - падкрэсліў ён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі падзякаваў ініцыятарам за арганізацыю такога значнага мерапрыемства. Ён упэўнены, што яго трэба выводзіць на новы ўзровень і гэта будзе садзейнічаць далейшаму развіццю інклюзіўнага грамадства. "Вельмі шмат у гэтым напрамку зроблена, але яшчэ шмат трэба зрабіць. Самае галоўнае - каб людзі, якім прадастаўляецца магчымасць развівацца праз спорт, творчасць, грамадскія арганізацыі, разумелі, што яны ў камандзе, што яны не застаюцца сам-насам з сабой. А праз візіткі такіх людзей неабходна паказваць іншым людзям, што і самі яны многае змогуць", - сказаў ён, заклікаўшы намінантаў прывыкаць да папулярнасці. Бо гэтыя светлыя людзі - яскравыя прыклады і лепшыя візіткі інклюзіі. "Многім варта павучыцца вашай стойкасці і вашаму стрыжню. Удачы, поспехаў і здароўя вам", - пажадаў Дзяніс Язерскі намінантам прэміі.

Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Аляксандр Асташонак адзначыў, што абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх гульнях пастаянна адкрывае новыя імёны. Ён уручыў узнагароды тым, хто вызначыўся ў спорце.

Ініцыятар спецыяльнай прэміі - савет грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў Гомельскай вобласці пры падтрымцы аблвыканкама. Першапачаткова ў рэгіёне ўзнагароджвалі людзей у інваліднай калясцы, якія дабіліся высокіх вынікаў. Цяпер рамкі цырымоніі пашыраны: намінантамі сталі жыхары рэгіёна не толькі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, але і з іншымі формамі інваліднасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі