Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 кастрычніка 2019, 16:50

Ляшэнка: суднаходства па Дняпры - добрая традыцыя, яе трэба вяртаць

3 кастрычніка, Жытомір /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Суднаходства па Дняпры было добрым праектам, і гэту традыцыю трэба вяртаць. Цікавасць беларускага боку да гэтай тэмы абазначыў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка на сустрэчы кіраўнікоў рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Жытоміры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы вельмі хацелі б, каб той рачны шлях, пра які ўжо столькі сказана, нарэшце пачаў працаваць. Ведаю, што кіраўнік нашай дзяржавы аб гэтым будзе заўтра гаварыць. Аднаўленне суднаходства на рацэ - добрая традыцыя, і трэба яе вяртаць", - сказаў Ігар Ляшэнка.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей таксама адзначыў цікавасць вобласці да праекта, размова пра яго вядзецца ўжо амаль восем гадоў. "Гэта дасць магчымасць істотна павялічыць аб'ёмы экспартна-імпартных перавозак паміж рэгіёнамі Беларусі і Украіны. Гэта важная і выгадная для ўсіх ідэя", - падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, 26 верасня на сустрэчы з украінскімі СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для аднаўлення суднаходства па Дняпры патрэбны больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку. "Што датычыцца Беларусі, мы зрабілі. Пытанне стаяла толькі ў адным (яно і цяпер у вас у адным) - гэта паглыбленне дна, трэба паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра. Мы на сябе ўзялі абавязацельствы - паглыбілі дно Прыпяці", - сказаў Прэзідэнт.

Па праекце ў Беларусі планавалася будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай. Плануецца і паглыбленне фарватара ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам. "Гэты порт (там мы прыцягнулі і прыватныя інвестыцыі), ён фактычна гатовы прымаць судны. Калі ўбачым, што Украіна вельмі зацікаўлена, мы тут дабавім, зробім порт і вырашым іншыя пытанні на яшчэ больш высокім узроўні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Упэўнены, што гэта быў бы мацнейшы штуршок. Тым больш з улікам таго, што ў нас цудоўная лагістыка па сушы (і не толькі па сушы) з Балтыкай. Мы маглі б з поўначы па рацэ ў Чорнае мора пусціць патокі грузаў. Прывабнасць лагістычная, транзітная для Украіны і Беларусі значная, рабочыя месцы, будзем залежаць больш адзін ад аднаго. Чаму гэтым не займацца?" - пералічыў перавагі праекта кіраўнік дзяржавы.

Раней тэма грузавых перавозак па Дняпры неаднаразова абмяркоўвалася на розных узроўнях у час беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Восенню 2017 года кіраўнікі Гомельскай і Херсонскай абласцей, а таксама ТАА СП "НІБУЛОН" (г.Нікалаеў) падпісалі трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве і партнёрстве ў мэтах рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры. Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы праз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі