Сцяг Субота, 17 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 красавіка 2025, 10:31

"Лівійскі сцэнарый не для нас". Геваргян аб пазіцыі Ірана на перагаворах з ЗША

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Іран не згадзіўся з патрабаваннямі ЗША згарнуць ракетную праграму і адмовіцца ад парку ракет, таму што не хоча паўтарыць лівійскі сцэнарый. Такім меркаваннем у праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА падзялілася расійскі палітолаг і ўсходазнавец Карынэ Геваргян.

"Іран настойваў на тым, каб перагаворы з ЗША былі непрамымі. Ледзь не 14-ы раз яны абменьваліся нейкімі пісьмовымі пасланнямі ў Маскаце. Пасрэднікам быў Аман. Наколькі я ведаю, яны прадоўжацца ў Рыме, і Аман там таксама будзе выступаць у якасці пасрэдніка. Гэта па просьбе ЗША яны былі перанесены ў Рым. Тут пытанне камунікацыі і лагістыкі. Відаць, гэта зроблена для зручнасці амерыканскіх перагаворшчыкаў, якія якраз гастралююць па Еўропе", - сказала Карынэ Геваргян.

Усходазнавец адзначыла, што першапачаткова з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адбыўся даволі сур'ёзны накат на Іран: "Маўляў, ніякай ракетнай праграмы, цалкам знішчайце свой парк ракет. Было вельмі шмат усяго".

Тым не менш, падкрэсліла яна, з часам ад падобных патрабаванняў давялося адмовіцца. "Іран не вар'ят. Зразумела, там ніхто гэтым займацца не будзе - лівійскі сцэнарый не для нас. На самай справе ўсё прыйшло да таго, пра што гавораць самі іранцы. У іх фетва вярхоўнага кіраўніка аяталы Алі Хаменеі, якая забараняе вытворчасць ядзернай зброі. Акрамя таго, Іран некалі падпісаў дагавор аб нераспаўсюджванні зброі масавага паражэння. Іран прад'явіў свае патрабаванні. Яны датычацца Ізраіля, які таксама павінен падпісаць адпаведнае пагадненне", - сказала на заканчэнне Карынэ Геваргян.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі