Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2022, 15:29

Лічбавую дыспетчарскую плануюць укараніць у Гомельскіх электрасетках

7 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыйна-аналітычную сістэму дыспетчарскага ўпраўлення плануе ўкараніць філіял "Гомельскія электрычныя сеткі" РУП "Гомельэнерга". Аб гэтым паведаміў 6 снежня журналістам галоўны інжынер філіяла Віталь Лаўрыновіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш філіял стараецца ісці ў нагу з часам, у тым ліку і ў пытаннях лічбавізацыі. На працягу апошніх двух гадоў мы займаемся пашпартызацыяй аб'ектаў электрычных сетак, іх алічбоўкай з далейшым вывядзеннем на розныя платформы, у тым ліку геаплатформы", - адзначыў Віталь Лаўрыновіч. Усе звесткі аб аб'ектах уносяць у адзіную базу даных. "З яе потым розныя праграмныя прадукты павінны браць інфармацыю", - удакладніў галоўны інжынер.

Наступным этапам пасля занясення інфармацыі ў базу даных, алічбоўкі на геападложцы стане непасрэдна дыспетчарызацыя. "Лічбавы памочнік будзе дапамагаць дыспетчару функцыянальна, правільна вырашаць усе пытанні", - падкрэсліў галоўны інжынер. Напрыклад, дыспетчару будзе лягчэй арыентавацца, дзе працуе брыгада, ён зможа больш аператыўна скаардынаваць і накіраваць брыгаду, якая знаходзіцца бліжэй, у неабходную кропку.

Дырэктар Генадзь Сушанаў назваў праект па аўтаматызацыі, лічбавізацыі электрычных сетак важным, глабальным, стратэгічным.

Першай кропкай, дзе ўжо, як чакаецца, да канца наступнага года будзе ўкаранёна лічбавая дыспетчарская, стане раённая дыспетчарская служба (РДС) Гомельскага гарадскога РЭС.

Як расказаў начальнік РДС Віталь Качко, падрыхтоўку для ўстаноўкі прадукту правялі ўжо. Напрыклад, мадэрнізавалі дыспетчарскі шчыт. Цяпер ён на відэакубах. "Гэта сучасны спосаб перадачы дыспетчарскай інфармацыі", - звярнуў увагу ён. На шчыце паказана ўся схема Гомеля. У параўнанні з мнемашчытом, які выкарыстоўваўся раней, цяперашні яшчэ і больш кампактны.

Устаноўлена ў РДС і сучаснае сервернае абсталяванне, якое трансліруе на шчыт інфармацыю і на якім у далейшым маюць намер устанавіць дыспетчарскую сістэму. "Праграмнае забеспячэнне дасць магчымасць працаваць нам з рэжымамі ў сетках, больш аператыўна рэагаваць на аварыі. У канчатковым выніку мы павінны прыйсці да змяншэння часу адключэння, зніжэння частаты адключэнняў", - сказаў начальнік.

Акрамя таго, новы праграмны комплекс дасць магчымасць арганізаваць віртуальны кол-цэнтр з чат-ботам, са зваротнай сувяззю. "Напрыклад, абанент зможа напісаць, па якім адрасе няма электраэнергіі. Дыспетчар праверыць па сістэме гэта праблема аднаго абанента або цэлага шматкватэрнага дома альбо ўсяго фідэра. Гэту інфармацыю ён апрацуе і ўсе астатнія абаненты, якіх закране тая ці іншая аварыйная сітуацыя, адразу будуць атрымліваць інфармацыю аб тым, што заяўка прынята. Гэта разгрузіць дыспетчара. Ён будзе працаваць непасрэдна з брыгадай па лакалізацыі", - падзяліўся бачаннем Віталь Лаўрыновіч.

Галоўны інжынер дадаў: плануецца, што пасля Гомеля сістэма будзе распаўсюджана і ў іншых раёнах Гомельскіх электрычных сетак, а таксама іншых філіялах РУП "Гомельэнерга".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі