Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2020, 10:30

"Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" - новы праект БЕЛТА і музея гісторыі ВАВ

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны да 75-годдзя Перамогі падрыхтавалі сумесны праект "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік".

Яго асновай сталі асабістыя пісьмы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У музеі іх захоўваецца больш за 2300, яны складаюць асобны значны фонд. Гэта салдацкія трохкутнікі, паштовыя карткі, паштоўкі, пасланыя з агнявых рубяжоў родным.

Праект будзе расказваць пра лёсы. Лёсы загінулых і тых, хто прайшоў усю вайну, праслаўленыя і самыя звычайныя. Наколькі дазваляла ваенная цэнзура, салдаты апісвалі вайну з розных бакоў: цяжкасці франтавога побыту, атакі, раненні, радасць перамог. Праз гэтыя пісьмы сучасніку дадзена магчымасць адчуць той трагічны час, быць датычным да лёсаў людзей, якім даводзілася кожны дзень даказваць права на жыццё.

Першы выпуск праекта прысвечаны лёсу сямейнай пары Лідзіі і Аркадзя Фрадкіных. Яны пазнаёміліся ў час вайны і вялі кранальную перапіску. Ім пашчасціла выжыць, стаць пасля вайны сям'ёй і адзначыць паўвекавы юбілей сумеснага жыцця.

Асабістыя гісторыі праекта "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" будуць выходзіць на сайце БЕЛТА штотыднёва, апошняя - напярэдадні 9 Мая. Кожны выпуск суправаджаюць ілюстрацыі мастака-дызайнера Аляксандра Лапіна.

Дзякуючы інтэрнэт-праекту ў кожнага з'явіцца магчымасць азнаёміцца з унікальнымі гістарычнымі дакументамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі