ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 5 чэрвеня 2020
Мінск Ясна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 красавіка 2020, 11:39

Лёсы, складзеныя ў трохкутнік: Леанід Дубар

7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговы выпуск сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" прысвечаны мастаку Леаніду Дубару.

Калі пачалася вайна, Леаніду Дубару ішоў шаснаццаты год. Ён увайшоў у падпольную групу ў Магілёве, удзельнікі якой са снежня 1942 па чэрвень 1944 года распаўсюджвалі лістоўкі, перадавалі партызанскім сувязным звесткі аб дыслакацыі варожых войскаў і падрыхтоўцы карных экспедыцый. Пасля вызвалення Магілёўшчыны многія былі мабілізаваны ў рады Чырвонай арміі, у тым ліку Леанід Дубар.

У складзе войскаў 39-й арміі 3-га Беларускага фронту разведчык Леанід Дубар прайшоў Беларусь, Літву, Польшчу, Усходнюю Прусію, а потым Маньчжурыю. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі "За адвагу", "За ўзяцце Кёнігсберга", "За перамогу над Японіяй", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне". Пасля вайны яшчэ пяць гадоў прадаўжаў служыць у раёне Порт-Артура.

Самым патрабавальным і строгім настаўнікам, маральнай апорай у жыцці мастака быў бацька Павел Раманавіч, які ў гады вайны працаваў у дзіцячай працоўнай калоніі ў Башкірыі. Туды і прыходзілі яму шматлікія лісты з фронту. Кожнае пранізана сыноўскай любоўю, цяплом узаемаадносін. Так, у лісце ад 11 студзеня 1944 года Леанід пісаў: "Будзь упэўнены, дарагі бацька, што кожны з нас у будучых баях апраўдае званне гвардзейца. "Або грудзі ў крыжах, або галава ў кустах!" - так гаворыць руская прымаўка... Сёння мне вельмі хочацца падарыць табе што-небудзь на памяць. Але што я магу падарыць?.. Давядзецца паслаць табе, тата, усяго толькі... мой малюнак. Тут, на фронце, я часам у вольны час малюю; большасць маіх малюнкаў разаслана сябрамі ў розныя канцы нашай Радзімы".

Асабістыя гісторыі праекта "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" будуць выходзіць на сайце БЕЛТА штотыднёва да 9 мая.-0-

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі