Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 верасня 2019, 15:32

Лепшых піянераў Беларусі ўзнагародзяць 13 верасня ў Мінску

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшых піянераў Беларусі ўзнагародзяць 13 верасня ў Мінску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова.

"13 верасня БРПА адзначыць свой 29-ы дзень нараджэння, які ў гэтым годзе пройдзе ў новым фармаце. На свята ў Мінск з'едуцца каля 100 лепшых піянераў з усёй Беларусі. Гэта пераможцы двух нашых праектаў: "Вотчына.бай" і "Пароль - акцябронак". Яны будуць узнагароджаны дыпломамі, каштоўнымі прызамі з сімволікай піянерскай арганізацыі", - расказала Аляксандра Ганчарова.

Прадугледжаны розныя віды актыўнасцей. "У прыватнасці, у Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага піянеры прымуць удзел у квесце "Мая радзіма Беларусь", а таксама наведаюць Мінскі планетарый. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакае і прыемны сюрпрыз. У маі мы прэзентавалі талісман піянерскай арганізацыі - рысяня па імені Агеньчык. Такі талісман атрымае кожная абласная, раённая і гарадская арганізацыя БРПА, каб ён дапамагаў ім у рабоце", - адзначыла старшыня ЦС БРПА.

Акрамя таго, 12-13 верасня ў Мінску пройдзе I Рэспубліканскі форум важатых "Будучыня за намі!". На фестываль, прымеркаваны да Дня піянерскай арганізацыі, прыедуць старшыні абласных, раённых і гарадскіх саветаў БРПА - гэта амаль 150 чалавек. На працягу двух дзён іх чакае цікавая і разнастайная праграма.

"Пройдуць трэнінгі па камандаўтварэнні, што дасць магчымасць лідарам беларускай піянерыі пазнаёміцца і пасябраваць. Запланаваны чатырохгадзінны важацкі інтэнсіў "ProКачай.by". Усе нашы важатыя будуць падзелены на пяць груп, кожная з якіх пройдзе навучанне. Мы запрасілі цікавых ментараў. Адным з іх будзе наш новы партнёр - Агульнарасійская грамадска-дзяржаўная дзіцяча-юнацкая арганізацыя "Расійскі рух школьнікаў". Выканаўчы дырэктар арганізацыі Дзяніс Клябанаў падзеліцца вопытам работы і раскажа аб сумесных праектах, якія дзіцячыя арганізацыі дзвюх краін плануюць рэалізаваць у гэтым годзе. У прыватнасці, мы правядзём міжнародную акцыю па роўп-скіпінзе "На спорце!", - падкрэсліла Аляксандра Ганчарова.

Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лепшых важатых БРПА. Ім будуць уручаны падзякі Міністэрства адукацыі, таксама кожны атрымае кейс важатага з неабходнымі метадычнымі матэрыяламі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі