Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 лютага 2024, 15:27

Ленінградская вобласць зацікаўлена ў беларускім вопыце рэабілітацыі людзей з інваліднасцю

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ленінградская вобласць зацікаўлена ў беларускім вопыце комплекснай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю. Аб гэтым расказаў губернатар рэгіёна Аляксандр Драздзенка ў час наведвання РУП "Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў губернатара, у вобласці ёсць асобныя прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам пратэзаў, а таксама ёсць вопыт медыцынскай акрэдытацыі, сацыялізацыі, псіхалагічнай дапамогі і навучання людзей з інваліднасцю. "Але задача сёння - зрабіць адзіны комплекс. Сёння мы азнаёміліся з вопытам Беларусі і разлічваем, што разам з нашымі беларускімі партнёрамі будзем гэты вопыт рэалізоўваць у Ленінградскай вобласці", - расказаў Аляксандр Драздзенка.

Таксама губернатар адзначыў, што, нягледзячы на вялікі вопыт супрацоўніцтва з Беларуссю, Ленінградская вобласць прадаўжае цікавіцца, вывучаць новыя сферы і напрамкі для ўзаемадзеяння. "Сённяшні візіт - гэта новы напрамак. Гэта медыцынская, сацыяльная рэабілітацыя, пратэзаванне. Разлічваем, што гэта паслужыць яшчэ адным штуршком для нашага развіцця", - упэўнены ён.

Заўтра для дэлегацыі Ленінградскай вобласці будзе прэзентавана беларуская мэбля. Рэгіён актыўна займаецца будаўніцтвам заводаў, арганізацыяй вытворчасці, таму зацікаўлены ў рабоце Беларусі і ў гэтай сферы. "Мы хочам стварыць гандлёвы дом па продажы сучаснай мэблі і, вядома, нам патрэбны партнёры, а ў Беларусі тут накоплены вялікі вопыт", - падкрэсліў Аляксандр Драздзенка.

Губернатар дадаў, што кожная паездка ў Беларусь цікавая і суправаджаецца падпісаннем адпаведных пагадненняў, дагавораў аб партнёрстве не толькі Ленінградскай вобласцю, але і канкрэтнымі прадпрыемствамі, якія размешчаны на тэрыторыі расійскага рэгіёна. "Мы хочам закупляць камплектуючыя, абсталяванне, мэблю для рэабілітацыі дзяцей. Мы таксама актыўна будуем і рамантуем школы. Парты на выраст - гэта таксама цікавая прадукцыя, якую мы маглі б закупляць", - расказаў ён.

Акрамя таго, Ленінградская вобласць плануе накіроўваць у Беларусь спецыялістаў для абмену вопытам. "Больш таго, мы папрасілі беларускіх спецыялістаў прыехаць і дапамагчы нам у арганізацыі вытворчасці. Усё ж такі трэба пераймаць вопыт у тых, хто ўжо ведае, як рабіць, як працаваць, як даваць вынік. Таму трэба прыязджаць у Беларусь вучыцца і, вядома, запрашаць спецыялістаў для дапамогі на месцы", - сказаў Аляксандр Драздзенка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі