Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 лістапада 2018, 10:05

Лёгкі: сацсеткі і электронную пошту можна будзе выкарыстоўваць для ідэнтыфікацыі на сайтах

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сацыяльныя сеткі і электронную пошту можна будзе выкарыстоўваць для ідэнтыфікацыі каментатараў на сайтах. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі, паведамляе БЕЛТА.

Павел Лёгкі пракаменціраваў зацверджаны Саветам Міністраў парадак папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сайтаў. "Кожны ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе праводзіць працэдуру ідэнтыфікацыі і заключаць пагадненне з чалавекам, які хацеў бы пракаменціраваць што-небудзь у яго на форуме. Практыка гэта не новая, яна даволі распаўсюджаная, і многія беларускія рэсурсы гэтай практыкай карыстаюцца. Па сутнасці, ніякіх вялікіх новаўвядзенняў не адбываецца - працэс упарадкоўваецца. І мы чакаем, што гэта дасць магчымасць зрабіць дыскусію ў сетцы больш культурнай, мы зможам хоць нейкія бар'еры паставіць хамству, абразам і абараніць гонар і годнасць тых грамадзян, якія лічаць, што цяперашняя сітуацыя не дазваляе ім абараніць свае правы ў інтэрнэце", - сказаў першы намеснік міністра інфармацыі.

Гаворачы аб спосабах ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ён адзначыў, што ёсць не толькі асноўны спосаб, выкладзены ў пастанове Саўміна, - з дапамогай СМС. "Там жа прапануецца магчымасць выкарыстоўваць іншыя спосабы. Падрабязна не распісана, але гэта могуць быць сацыяльныя сеткі або электронная пошта і, можа, нейкія іншыя спосабы, якія сам уладальнік інтэрнэт-рэсурсу палічыць мэтазгоднымі", - адзначыў Павел Лёгкі.

Прычым уладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе адказваць за дакладнасць звестак. "Адказнасць па законе аб СМІ дакладна прапісана, прадугледжана. Скідкі на тое, што выбраны нейкі іншы спосаб, а не СМС-ідэнтыфікацыя, не будзе", - папярэдзіў першы намеснік міністра.

Ён закрануў і крытыку новаўвядзенняў. "Хамы заўсёды застануцца і будуць незадаволены. Тыя, хто прывык да ўсёдазволенасці ў інтэрнэце, хто прывык аплёўваць людзей, застаючыся ў поўнай бяспецы, распаўсюджваць забароненую інфармацыю, - яны заўсёды будуць незадаволены. Тым, хто паводзіць сябе прыстойна, вядзе дыскусію на прынцыпах узаемапавагі, - баяцца і хвалявацца няма чаго. Думаю, што такіх людзей у нас большасць", - падкрэсліў Павел Лёгкі.

Першы намеснік міністра інфармацыі таксама расказаў аб некаторых запланаваных новаўвядзеннях у заканадаўстве. З 1 снежня пачынаецца рэгістрацыя сеткавых рэсурсаў. Тыя інтэрнэт-СМІ, якія захочуць працаваць па правілах сродкаў масавай інфармацыі і карыстацца адпаведнымі прывілеямі, будуць зафіксаваны ў якасці сеткавых рэсурсаў. "І вось тут было адно вельмі цікавае пытанне, якое паставіў сам час: хто можа быць галоўным рэдактарам сеткавага рэсурсу. Згодна з ранейшым заканадаўствам, галоўным рэдактарам СМІ мог быць чалавек, які пяць гадоў адпрацаваў на кіруючых пасадах у СМІ. І мы добра разумеем, што гэта патрабаванне ўстарэла", - адзначыў Павел Лёгкі.

Падрыхтаваны новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да кіраўнікоў як друкаваных СМІ, так і сеткавых рэсурсаў. "Яны больш лаяльныя. Мы прапаноўвалі пяцігадовы цэнз знізіць да трох гадоў. І самае галоўнае - не ставіць умову, каб абавязковай была работа на працягу пяці або трох гадоў на кіруючых пасадах. Гэта значыць, калі ты тры гады працуеш на інтэрнэт-рэсурсах, то незалежна ад таго, якія пасады займаў, ты маеш права прэтэндаваць на пасаду галоўнага рэдактара сеткавага рэсурсу. Вось як мы гэта бачым, - растлумачыў Павел Лёгкі. - Думаю, што гэта сур'ёзны крок у параўнанні з тым, што сёння ёсць у заканадаўстве".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі