Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лютага 2024, 13:32

Лебедзеў растлумачыў высокую яўку выбаршчыкаў на выбарах у Беларусі

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жаданне забяспечыць мір і стабільнасць у Беларусі стымулявала людзей прыйсці на выбары дэпутатаў, таму яўка выбаршчыкаў такая высокая. Такую думку выказаў генеральны сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Самае галоўнае, Аляксандр Рыгоравіч, што мы пераканаліся: настрой у выбаршчыкаў здаровы, добры настрой, - сказаў Сяргей Лебедзеў. - Галоўная думка, якую нам выказвалі выбаршчыкі: "Галоўнае для нас - мір, стабільнасць і дабрабыт Беларусі". З гэтым настроем людзі ішлі на выбары. Думаю, гэта жаданне - забяспечыць мір і стабільнасць у Беларусі - якраз стымулявала людзей прыйсці прагаласаваць. Адсюль такая высокая яўка".

Як растлумачыў генеральны сакратар СНД журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, больш як 230 наглядальнікаў місіі СНД пабывалі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, уважліва назіралі як за ходам датэрміновага галасавання, так і за галасаваннем у адзіны дзень 25 лютага. "Размаўлялі і з выбаршчыкамі, і з мясцовымі наглядальнікамі, што вельмі важна для таго, каб атрымаць шырокую карціну таго, як праходзяць выбары. Гэта карціна ў цэлым добрая", - растлумачыў Сяргей Лебедзеў.

"У адрозненне ад 2020 года, калі, на жаль, мы сутыкнуліся з правакацыямі апазіцыйных сіл, якія спрабавалі сарваць выбары, дэстабілізаваць сітуацыю, не прызнаючы выбары, атмасфера, якая панавала на выбарчых участках (і я ў гэтым пераканаўся), настроі людзей зусім іншыя, чым тыя, якія былі ў 2020 годзе. Настрой быў святочны", - канстатаваў генеральны сакратар СНД. Ён адзначыў, што многія прыходзілі на выбарчыя ўчасткі сем'ямі. З'яўляліся там і пажылыя людзі, хаця для іх магло быць арганізавана галасаванне дома. "Пажылы чалавек гаварыў: "Я абавязаны быў, вядома, прыйсці на выбарчы ўчастак. Чаго гэта я буду дома галасаваць". Такая зацікаўленасць людзей ва ўдзеле ў галасаванні сведчыць аб тым, што людзям не ўсё роўна, каго яны выберуць у якасці дэпутатаў у мясцовыя саветы і Палату прадстаўнікоў", - звярнуў увагу Сяргей Лебедзеў.

"Выбаршчыкі неабыякавыя да таго, куды пойдзе Беларусь, якая будучыня чакае Беларусь, - падкрэсліў ён. - А нас, наглядальнікаў ад краін СНД, таксама хвалюе далейшы лёс Беларусі, таму што яна з'яўляецца актыўным удзельнікам інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках СНД. Мы адчуваем вялікую падтрымку з боку Прэзідэнта Беларусі, урада, МЗС, усіх структур. Прадстаўнікі Беларусі працуюць у органах СНД вельмі актыўна. Я сёння падзякаваў Прэзідэнту за тое, што ў органы Садружнасці Беларусь накіроўвае, рэкамендуе дастойных людзей, кампетэнтных, адказных, якія ўносяць свой уклад ва ўмацаванне СНД. Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім наглядальнікам краін СНД за аб'ектыўную ацэнку, дружалюбнае стаўленне да народа Беларусі, за добразычлівы характар назірання, што вельмі важна".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі