Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2016, 14:22

Лаўры любімца гледачоў атрымала медзведзяня Топа з праграмы "Калыханка"

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гледачы назвалі лепшым вядучым медзведзяня Топу з дзіцячай праграмы "Калыханка". Па выніках інтэрнэт-галасавання на сайце тэлеканала СТБ, арганізаванага да ХІІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня", лялечны персанаж набраў 38 працэнтаў галасоў, паведамляе БЕЛТА.

Галасаванне было аб'яўлена 14 мая і завяршылася 19 мая ў 12.00.

"Прыз глядацкіх сімпатый" лепшаму вядучаму ўручаўся на конкурсах з 2005 па 2010 год. Потым гэта практыка перапынілася. У гэтым годзе арганізатары вырашылі аднавіць традыцыю і тэлеканал "Сталічнае тэлебачанне", які займаецца правядзеннем цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, аб'явіў прэтэндэнтаў на статус любімца тэлегледачоў. Прэтэндэнтамі на такую прыемную ўзнагароду былі названы 22 прадстаўнікі беларускіх тэлеканалаў.

Лялька, якую агучвае акцёр Уладзімір Варанкоў, апярэдзіла сваіх бліжэйшых сапернікаў - Вольгу Бурлакова і Аляксандра Мяжэннага, вядучых праграмы "Раніца. Студыя добрага настрою" на тэлеканале СТБ, якія лідзіравалі ў пачатку галасавання. У вядучых амаль 30 працэнтаў галасоў.

Поспех медзведзяняці Топы і калегі па творчым цэху лічаць цалкам заслужаным. Трэба было зрабіць нямала, каб лялька, якой ужо больш за 30 гадоў, палюбілася многім пакаленням гледачоў.

Пераможцаў ХІІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" ў 25 намінацыях, уладальнікаў спецпрызоў і тытула "Лепшы вядучы" на думку тэлегледачоў павіншуюць на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Рэспублікі 20 мая.

Заснавальнікамі конкурсу выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі