Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 кастрычніка 2022, 16:36

Кураш: архівы Беларусі за паўгоддзе наведалі амаль 10 тыс. школьнікаў і студэнтаў

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Архівы Беларусі за першае паўгоддзе 2022 года наведалі амаль 10 тыс. школьнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў моладзі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З мая мы праводзім сумесна з БРСМ акцыю "Архівы: памяць пра мінулае ў імя будучага", дзе знаёмім нашых актывістаў, моладзь з вынікамі работы іх папярэднікаў - камсамольцаў савецкіх часоў. Таксама актыўна прадаўжаецца акцыя "Архівы - школе", школьнікі наведваюць архіўныя ўстановы краіны. У цэлым, толькі за першае паўгоддзе нашы архівы наведалі амаль 10 тыс. школьнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў моладзі", - адзначыў Віктар Кураш.

Архіўная служба Беларусі адзначае ў гэтым годзе сваё 100-годдзе. "За 100 гадоў у краіне выбудавана дакладная сістэма архіўных устаноў, якая ўключае 10 рэспубліканскіх архіўных устаноў, 9 абласных, 16 занальных архіваў і 122 тэрытарыяльныя архівы. У галіне працуе больш за 1100 чалавек. Як правіла, усе яны маюць вышэйшую адукацыю. Асноўнымі задачамі архіўнай службы на сённяшні дзень з'яўляюцца камплектаванне архіваў, фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду, забеспячэнне захаванасці дакументаў і іх папулярызацыя", - расказаў дырэктар дэпартамента.

Сёння ў архівах Беларусі, паводле яго слоў, змяшчаецца 13,3 млн адзінак захоўвання дакументаў. "Калі выставіць гэта ўсё на адну паліцу, то атрымаецца адлегласць даўжынёй 218 км. Гэта як ад Мінска да Магілёва. А самы старажытны дакумент, які мы захоўваем, датуецца 1391 годам", - праінфармаваў Віктар Кураш.

Ён дапоўніў, што архівы кожны год прымаюць 110-116 тыс. дакументаў ад розных арганізацый. "Усяго ў нас 8,8 тыс. фондаўтваральнікаў. Унікальнасць архіўнай службы ў тым, што яна мае міжведамасны характар. Мы працуем з усімі ведамствамі нашай краіны. Гэта сфера прамысловасці, сельскай гаспадаркі, органаў дзяржкіравання, банкаўскай сістэмы, працуем таксама з ВНУ і грамадскімі арганізацыямі", - адзначыў дырэктар дэпартамента.

Вялікае месца ў рабоце архіўнай службы Беларусі адводзіцца забеспячэнню захаванасці дакументаў. "Для гэтага ў нас працуюць 2 лабараторыі ў Гомелі і Мінску, дзе спецыялісты займаюцца рэстаўрацыяй дакументаў, даюць ім новае жыццё, пазбаўляюць ад нейкіх пашкоджанняў, калі яны ёсць. Як вядома, згодна з Канстытуцыяй, у нас архівы адкрытыя, таму любы чалавек можа прыйсці ў архіў і заказаць неабходны яму дакумент. Сакрэтных дакументаў у нашых архівах няма", - падкрэсліў Віктар Кураш.

Ён адзначыў узросшую цікавасць у даследчыкаў і грамадзян да архіваў. "Мы штогод прымаем больш за 30 тыс. запытаў грамадзян. Актыўна расце цікавасць да генеалогіі. У сетцы Інтэрнэт функцыянуе сістэма адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонда. У першую чаргу мы пераводзім у лічбавы фармат навукова-даведачны апарат (гэта вопісы, каталогі) і дакументы, якія сёння найбольш запатрабаваны ў грамадзян", - расказаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі.

Архіўная служба рэспублікі, паводле яго слоў, таксама прадаўжае развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. "У прыватнасці, вельмі цеснае ўзаемадзеянне ў архівістаў Беларусі з архіўнымі службамі краін СНД. Нядаўна ў нас быў круглы стол, у якім прынялі ўдзел дырэктары архіўных устаноў Беларусі і Расіі, дзе мы падзяліліся вопытам адзін з адным. Такая работа мае сістэмны характар", - сказаў на заканчэнне Віктар Кураш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі