Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 ліпеня 2024, 12:15

Купальскі вянок Александрыі. Рэспубліканскае свята 15-ы раз збірае сяброў

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў юбілейны 15-ты раз збірае гасцей на беразе Дняпра ў аг.Александрыя Шклоўскага раёна рэспубліканскае свята "Купалле".

Нацыянальны брэнд: Купалле ў Александрыі ў архіўных фота БЕЛТА

У ноч з 6 на 7 ліпеня адзначаецца дзень Івана Купалы - адно з самых старадаўніх абрадавых свят. Паводле народнага павер'я, у гэты перыяд вада мае чароўную сілу, а той, хто знойдзе папараць-кветку, будзе бачыць багацце і скарбы, схаваныя ў зямлі, навучыцца разумець мову птушак, звяроў і, вядома, знойдзе шчасце ў каханні. Гулянні на Купалле заўсёды былі грандыёзнымі. Песні, карагоды, пляценне вянкоў, скачкі праз вогнішча - частка абавязковай праграмы Купальскай ночы.
Свята "Купалле", якое праходзіць у Александрыі, стала знакавай падзеяй не толькі для Магілёўскай вобласці, але і для ўсёй Беларусі. Яно з'яўляецца своеасаблівым культурным мостам, што злучае славянскія народы. На ім вельмі сімвалічна гучаць словы "Днепр - рака сяброўства". Гэта свята без перабольшання можна назваць паўнаводнай ракой, паколькі яе разлівы ўсё больш і больш набіраюць сілу. Адзінства вады і сонца - той неабходны кантэкст, прыроднае асяроддзе, якое дае магчымасць ярчэй заззяць народным промыслам і талентам.

Летапіс свята "Купалле" ў Александрыі - багаты, разнастайны, насычаны культурнымі падзеямі нацыянальнага і міжнароднага маштабу. Упершыню фестываль "Александрыя збірае сяброў" прайшоў у 2010 годзе. Ідэю правядзення фестывалю на сваёй малой радзіме тады падтрымаў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Першае свята "Купалле" сабрала больш за 3 тыс. гасцей. На мерапрыемства з'ехаліся людзі з навакольных вёсак, а таксама з Оршы, Шклова, Магілёва і Мінска. Наведаў Александрыю і кіраўнік дзяржавы. З таго часу яго штогадовая прысутнасць і прывітальнае слова на свяце стала добрай традыцыяй.

У 2010 годзе для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства была арганізавана шырокая культурная праграма, пачынаючы ад "Горада майстроў" і магчымасці пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы і напіткі, заканчваючы канцэртнай праграмай "Купалле над Дняпром". Яркім момантам фестывалю з'яўляецца феерверк і лазернае шоу.
З 2011 года фестываль выйшаў за межы рэспубліканскага фармату: у ім прынялі ўдзел творчыя калектывы і майстры мастацтваў з Беларусі, Расіі і Украіны. Свята "Александрыя збірае сяброў" наведалі дзясяткі тысяч людзей. Цэнтральнай падзеяй свята стаў гала-канцэрт майстроў мастацтваў з трох краін "Вечар над Дняпром".
У 2012 годзе гасцямі і ўдзельнікамі свята сталі ўжо амаль 50 тыс. На свята з'ехаліся каля тысячы майстроў з Беларусі, Расіі і Украіны. На беразе Дняпра разгарнулася экспазіцыя "Горад майстроў" у выглядзе знакамітага купальскага сімвала - сонца, промнямі якога сталі вуліцы рамеснікаў з трох краін. Мерапрыемства набыло статус Рэспубліканскага свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Цэнтральнай падзеяй свята стаў гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны "Славянскі карагод на Купальскім свяце".
У 2013 годзе на свяце былі прэзентаваны новыя праекты, якія ўразілі гледачоў. Прайшлі фестывалі лёну, квасу, піва, майстар-класы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру па кераміцы "Арт-жыжаль", выстава "Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя", экскурсіі на цеплаходзе з Магілёва. Гасцямі і ўдзельнікамі свята "Купалле" сталі 62 тыс. чалавек. Яркім момантам стаў гала-канцэрт "Александрыя збірае сяброў".
У 2014 годзе гасцінная Александрыя сабрала сяброў пяты раз. Тады ўпершыню прайшоў "Вялікі Александрыйскі кірмаш", дзе сышліся тры маштабныя кірмашы: Ніжагародскі (Расія), Сарочынскі (Украіна) і Александрыйскі (Беларусь). У фармаце "Купалля" таксама было рэалізавана шмвых творчых праектаў - гэта і канцэрт лепшых гарманістаў вобласці з удзелам расійскага цэнтра імя Генадзя Завалокіна, і пленэр па драўлянай скульптуры, і шмат іншага.
У 2015 годзе маштабы фестывалю пашырыліся. У рамках свята адбыўся дэбют пастаноўкі "Папараць-кветка". Пасля поспеху на фестывальнай сцэне мюзікл было вырашана паказаць у розных гарадах Беларусі. Акрамя таго, у гэтым годзе адкрыліся пляцоўкі Міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка", абласнога этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла", адбылася дэманстрацыя выставачнай экспазіцыі работ маладых пісьменнікаў, журналістаў "Мы - крылы твае, Беларусь!". Яркім момантам стаў канцэрт "Мелодыі Александрыйскага лета" творчых калектываў Магілёўскай абласной філармоніі.
У 2016 годзе фестываль пачаўся з адкрыцця выставы-кірмашу "Дняпроўскія сустрэчы на Александрыйскім кірмашы". У гэтым годзе дэбютавала першае нацыянальнае кафэ вулічнай ежы - фуд-трэйлер, дзе госці маглі пакаштаваць беларускія стравы на аснове бульбы: піцу, дранікі, калдуны, бульбяныя шарыкі. Адной з навацый свята стаў конкурс на лепшае купальскае адзенне, зробленае сваімі рукамі. Завяршыліся святочныя мерапрыемствы канцэртам "Мелодыі Александрыйскага лета" творчых калектываў Магілёўскай абласной філармоніі.
У 2017 годзе фестываль у Александрыі пашырыў фармат свята і прапанаваў гледачам эстрадна-цыркавую пастаноўку "Купальскі сон" з удзелам калектываў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.
У 2018 годзе лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма Малой радзімы. Гасцям свята быў прадстаўлены экскурсійны маршрут "Вандроўка па родных мясцінах" па тэматычных пляцоўках свята: "Зроблена ў Беларусі", "Александрыйская гасцёўня", "Друкарскі двор", "Каравайная сяліба" і інш. Кульмінацыяй свята на галоўнай сцэне стаў мюзікл "Малая радзіма". У рамках фестывалю прайшоў маладзёжны квест "У пошуках папараць-кветкі".
У 2019 годзе ў юбілейным, дзясятым свяце Купалле ў Александрыі прынялі ўдзел прадстаўнікі 7 дзяржаў - Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы. Яны выступалі на сцэне і паказвалі майстэрства на выставе-кірмашы. Для гасцей свята былі абсталяваны забаўляльныя пляцоўкі: "Творчасць маладых" з музычна-гульнявой праграмай "Казка пра чароўную кветку" і канцэртамі маладзёжных калектываў, квестамі; зона цыркавых выступленняў; варкаўт-лакацыя; атракцыёны для самых юных наведвальнікаў Купалля. Кульмінацыяй стаў гала-канцэрт "Зроблена ў Беларусі".
У 2020 годзе на фестывалі "Александрыя збірае сяброў" усе рэгіёны Беларусі і горад Мінск прадставілі свае экспазіцыйна-тэматычныя падворкі. На пляцоўцы "Свята кнігі" госці азнаёміліся з нацыянальнай літаратурнай спадчынай, адбылася прэзентацыя праграмы, прысвечанай Дню беларускага пісьменства. У рамках свята адбыўся паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў. У другі дзень свята адбыліся выступленне ансамбля "Песняры" і канцэрт заслужанага калектыву Беларусі ансамбля песні і танца "Медуніца" Магілёўскай абласной філармоніі.
У 2021 годзе галоўнай тэмай свята стаў ручнік як сімвал народнага адзінства. У гасцей фестывалю была магчымасць пазнаёміцца з ткацкім майстэрствам і ўнікальнай культурнай спадчынай - ткачыхі на аўтэнтычных станках XVIII-XIX стагоддзяў правялі майстар-класы па вырабе ручнікоў з узорамі і вышыўкай. Яркім пунктам на святочнай карце традыцыйна сталі гандлёвыя рады народных умельцаў і майстроў. Удзельнікамі выставы-кірмашу сталі больш за 800 майстроў. Адной з маляўнічых падзей рэспубліканскага свята "Купалле" стаў гала-канцэрт "Песні маёй краіны" па заяўках гледачоў. Завяршыўся фестываль феерверкам над Дняпром і дыскатэкай пад адкрытым небам.
У 2022 годзе фестываль традыцыйна прайшоў з вялікім размахам. Госці свята маглі наведаць пляцоўку "Зроблена ў Беларусi", дзе была прадстаўлена прадукцыя ААТ "Мінскі трактарны завод" і СЗАТ "БЕЛДЖЫ". Вялікай цікавасцю ў гледачоў карысталася перасовачная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая знаёміла гасцей свята з гераічнымі старонкамі гісторыі нашага народа. Надзвычай запатрабаванымі аказаліся экскурсіі па экспазіцыі "Малая радзіма" з наведваннем класа, у якім вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, і выставачны праект краязнаўчага музея "Не святыя гаршкі лепяць". Гледачы з захапленнем назіралі за дэманстрацыйнымі палётамі самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя Кулагіна, што праходзілі ў небе над Александрыяй. Асноўнае дзейства разгарнулася на галоўнай сцэне свята, дзе прайшоў гала-канцэрт "Ёсць на што паглядзець!" - захапляючае музычнае падарожжа па Беларусі з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады. Свята завяршылася феерверкам і танцавальнай шоу-праграмай.
У 2023 годзе праграма свята была яркай і насычанай. Госці "Купалля" ў Александрыі маглі прыняць удзел у конкурсе па скораснай зборцы карт-пазлаў Рэспублікі Беларусь "Ведаю Беларусь", праверыць сваю сілу, спрытнасць і трываласць на спартыўнай пляцоўцы, наведаць выставу "100 ідэй для Магілёўшчыны", паглядзець фільмы ў "Палявым кінатэатры" і паказы цырка-шапіто. Былі разгорнуты розныя тэматычныя пляцоўкі, гасцей свята чакаў яшчэ адзін незабыўны падарунак: канцэрт "Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі". На адной сцэне сустрэліся самыя яркія зоркі эстрады Расіі і Беларусі. Музычны спектакль "Пачуццё роднай зямлі" прапанаваў гледачам чароўнае хараство беларускага нацыянальнага купальскага фальклору. Увечары на галоўнай канцэртнай пляцоўцы прайшла самая яркая і чаканая падзея свята ў Александрыі: "Галоўны канцэрт" - "народнае" шоу "Будзе вельмі цікава" з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады, які завяршыўся феерверкам і традыцыйным запальваннем купальскага вогнішча на беразе Дняпра.
6 ліпеня 2024 года свята "Купалле" ў Александрыі збярэ гасцей у юбілейны 15-ты раз. Гэта рэдкі выпадак, калі тэматычнае свята ў Александрыі супадае з датай народнага абраду "Купалле". Такое здараецца раз за некалькі гадоў. Чакаецца, што сёлета на фестывалі будуць прадстаўлены каля 20 рэгіёнаў Расіі, прыедуць майстры і ювеліры з Азербайджана і Узбекістана. Сімвалам свята стане купальскі вянок. У час фестывалю будуць праводзіцца розныя інтэрактывы, звязаныя з ім. Традыцыйная выстава-кірмаш пройдзе пад назвай "Купальскі вянок садружнасці". Мерапрыемствы фестывалю будуць адлюстроўваць тэмы Года якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адным з ключавых у праграме стане мерапрыемства "Саюзная дзяржава на Купаллі", у рамках якога адбудзецца канцэрт "Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі" з удзелам расійскіх і беларускіх зорак эстрады. У аснову канцэрта пакладзена ідэя адзінства славянскай культуры, дружбы славянскіх народаў, праверанай часам, якая прайшла скрозь горан вялікіх гістарычных падзей. Кульмінацыяй свята стане галоўны канцэрт "Толькі тут такія зоркі" і маляўнічы феерверк.

За ўсе гады свайго існавання свята "Александрыя збірае сяброў" стала нацыянальным брэндам. На яго з году ў год прыязджаюць людзі самых розных нацыянальнасцей, самага рознага ўзросту. І з кожным годам яго папулярнасць у беларусаў і замежных гасцей нязменна расце. Правядзенне свята, што злучае часы, пакаленні, народы, стала добрай традыцыяй, якую арганізатары хочуць захаваць на доўгія гады. Такія святы, несумненна, садзейнічаюць яднанню славянскіх народаў і вельмі важна, каб і далей добрыя славянскія традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Паколькі без мінулага няма будучыні.-0-
Фота Алега Файніцкага і з архіва БЕЛТА
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі