Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 снежня 2019, 13:54

Кунцэвіч: у нашых з вамі сілах дапамагчы дзіцячым жаданням здзейсніцца

19 снежня, Бялынічы /Настасся Гузоўская - БЕЛТА/. У Новы год усе мараць пра цуд, асабліва дзеці, і ў нашых з вамі сілах дапамагчы дзіцячым жаданням здзейсніцца, падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч у час свята ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Навагодні ранішнік быў прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці".

"У пераднавагоднія дні важна дзяліцца дабром з тымі, хто ў гэтым мае патрэбу ў першую чаргу. Агульная задача дарослых - акружыць дзяцей клопатам і ўвагай, каб кожнае дзіця адчула радасць навагодняга свята. Мы ўсе марым пра цуды ў Новы год, а дзеці асабліва. І ў нашых з вамі сілах дапамагчы дзіцячым жаданням здзейсніцца", - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаў, што Магілёўшчына - яго малая радзіма. Таму наведванне Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната перад Новым годам для яго асаблівае свята ўдвая.

Андрэй Кунцэвіч і іншыя госці падарылі школе-інтэрнату неабходную бытавую і камп'ютарную тэхніку, кнігі для бібліятэкі, ласункі. Выхаванцы інтэрната ў сваю чаргу падрыхтавалі для гасцей цікавую навагоднюю праграму: карагоды, песні, танцы і спектакль па матывах "Папялушкі". "Рыхтаваліся да свята некалькі месяцаў, - расказала дзесяцікласніца Кацярына Шляга. - Мы прывыклі быць на сцэне, але ўсё роўна крыху хвалюемся. Нядаўна выступалі ў Магілёве, гэтымі днямі вярнуліся з Бягомля, там паказвалі казку "Пітэр Пэн". А сёння будзем танцаваць".

Дзеці разам з педагогамі не толькі развучвалі песні і танцы, але і пашылі касцюмы, падрыхтавалі для гасцей падарункі ручной работы. "Мы стараемся развіваць нашых дзетак. На базе школы-інтэрната працуюць гурткі і секцыі, - адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Дзячэнка. - У нас ужо шмат гадоў ёсць свой пчальнік, дзе дзеці вучацца даглядаць пчол і збіраюць мёд, які потым самі ж і ядуць. Акрамя таго, ёсць швейны гурток "Залатая нітка". У нас вялікая швейная майстэрня, выдатныя педагогі. А пасля выпуску дзяўчынкі, калі дазваляе здароўе, прадаўжаюць вучыцца на швачак".

У Бялыніцкай школе-інтэрнаце вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з усёй Магілёўскай вобласці: ад дашкалят да 16 гадоў, усяго 85 дзяцей, сярод якіх 68 сірот і 43 інваліды. Хлопчыкам і дзяўчынкам у тым ліку прывіваюць навыкі самастойнага жыцця, дапамагаюць адаптавацца ў сучасным грамадстве.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 9 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем. Да дабрачыннай акцыі таксама далучыліся грамадскія аб'яднанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі