ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 1 кастрычніка 2022
Мінск +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 снежня 2021, 14:00

Кубракоў на дабрачыннай акцыі: хачу, каб на тварах дзяцей заўсёды была ўсмешка

Фота з архіва
Фота з архіва

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хачу, каб на тварах дзяцей заўсёды была ўсмешка. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у час наведвання Радашковіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад - сярэдняя школа Маладзечанскага раёна. Сустрэча з выхаванцамі ўстановы праходзіла на палях дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы прыехалі не толькі з салодкімі падарункамі, але і яшчэ прывезлі школьную мэблю, лаўкі для заняткаў спортам, - сказаў міністр унутраных спраў. - Хачу, каб на тварах дзяцей заўсёды была ўсмешка, каб не было такой фармулёўкі, што дзеці знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі або нядобранадзейных сем'ях. Мы, дарослыя, зробім усё для таго, каб яны вярталіся ў сем'і, таму што больш роднымі, чым бацькі, нікога быць не можа".

Іван Кубракоў адзначыў, што акцыя праходзіць па ўсёй рэспубліцы. "Начальнікі УУС абласцей паехалі па дзіцячых дамах, аказваюць дапамогу ўстановам. Што датычыцца дабрачыннасці, у гэтым годзе мы вывелі яе на крыху іншы ўзровень. Стараемся дапамагаць дзецям, якія трапілі, мякка кажучы, у складаную сітуацыю: якія захварэлі, з'яўляюцца інвалідамі, іх сем'ям. Усе грошы, якія пералічваюць фігуранты па прыгаворы суда за проціпраўныя дзеянні ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, мы накіроўваем на дабрачыннасць", - адзначыў міністр унутраных спраў.

Выхаванцы школы падрыхтавалі для гасцей святочны канцэрт. У лепшых традыцыях навагодняга свята дзеці паказалі тэатральную пастаноўку, выканалі любімыя песні, закружыліся ў карагодзе і запалілі навагоднюю ёлку. У сваю чаргу ансамбль песні і танца МУС падрыхтаваў для дзяцей музычную праграму.

"Мы ўжо даўно прыязджаем да вас як сапраўдныя сябры. Нашаму ўзаемадзеянню ўжо шмат гадоў і мы робім усё, каб вы добра вучыліся, педагогі камфортна працавалі. Ад усёй душы віншую з надыходзячым Новым годам. Жадаю вам шчасця, здароўя, а дзецям - у абавязковым парадку поспехаў у вучобе. Педагогам жадаю перш за ўсё цярпення, каб усё атрымлівалася. А мы, Міністэрства ўнутраных спраў, заўсёды з вамі побач", - павіншаваў міністр вучняў і педагогаў Радашковіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу. Акрамя таго, міністр запрасіў дзяцей наведаць з экскурсіяй падраздзяленні МУС.

Як адзначыў дырэктар установы Ігар Дзятлаўскі, дружба з МУС прадаўжаецца ўжо больш за 30 гадоў. "Напярэдадні навагодніх свят асабліва прыемныя гэтыя сустрэчы. Сёння кожнае дзіця - ад самага маленькага, якому тры гады, да тых, каму 17 гадоў, атрымалі салодкія падарункі. Дзеці рыхтаваліся з асаблівым хваляваннем, рэпетыцыі прадаўжаліся на працягу некалькіх тыдняў, і мы былі рады паказаць навагодняе свята. Самае галоўнае, што такія сустрэчы даюць цеплыню, дружбу і нават уяўленне аб іншых прафесіях, паколькі нашы выпускнікі таксама скончылі Акадэмію МУС і з'яўляюцца супрацоўнікамі ўнутраных спраў", - звярнуў увагу дырэктар.

Маштабная навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 14 снежня па 14 студзеня. Штогод у час акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Раством, уручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучаюцца грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі