Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2022, 11:54

Кубракоў: міжнароднае праваахоўнае супрацоўніцтва павінна быць па-за палітыкай

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнароднае праваахоўнае супрацоўніцтва павінна быць па-за палітыкай. Такім меркаваннем у час нарады кіраўнікоў сталічных падраздзяленняў органаў унутраных спраў і паліцыі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў падзяліўся міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паважаныя калегі, я рады вітаць вас на гасціннай беларускай зямлі. Гэта першае мерапрыемства для нашай краіны, якое мы праводзім у такім фармаце", - адзначыў Іван Кубракоў.

Фундаментам для цеснага практычнага супрацоўніцтва сталічных праваахоўнікаў паслужыла такое пасяджэнне ва Узбекістане ў 2019 годзе, у якім Іван Кубракоў прымаў удзел, з'яўляючыся начальнікам сталічнай міліцыі. "У далейшым быў зацверджаны рэгламент нарады, што дало магчымасць вызначыць прававы статус гэтага мерапрыемства і фармат яго правядзення", - расказаў міністр.

У апошнія гады абстаноўка ў свеце сур'ёзна змянілася, адзначыў ён. "Імкліва расце колькасць унутраных і рэгіянальных канфліктаў, якія сеюць разлад у грамадстве. У шэрагу краін Садружнасці абвастрылася грамадска-палітычная абстаноўка, актывізаваліся тэрарыстычныя і экстрэмісцкія групоўкі, а таксама асобныя радыкалы. Маштабы іх дзейнасці ствараюць пагрозу бяспецы і стабільнасці ў нашых краінах", - лічыць Іван Кубракоў.

На яго думку, для ўсіх краін - удзельніц СНД актуальныя пытанні барацьбы з нарказлачыннасцю. "Злабадзённы парадак дня, звязаны з глабалізацыяй эканомікі і міграцыйнымі працэсамі. Тэм для абмеркавання ў сталічных праваахоўнікаў стала больш. Яны ахопліваюць такія напрамкі, як ІТ-сфера, процідзеянне масавым парушэнням грамадскага парадку і каляровым рэвалюцыям. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі на саміце АДКБ, без хуткага аб'яднання нашых краін, без умацавання палітычных, эканамічных, ваенных сувязей нас заўтра можа не быць. У сувязі з гэтым першачарговым для нас з'яўляецца актывізацыя практычнага ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы", - вылучыў яшчэ адно важнае пытанне Іван Кубракоў.

Міністр выказаў упэўненасць, што міжнароднае праваахоўнае супрацоўніцтва павінна быць па-за палітыкай і ўлічваць нацыянальныя асаблівасці. "МУС Беларусі за апошнія гады набыла вялікі практычны вопыт у галіне процідзеяння каляровым рэвалюцыям і інфармацыйным войнам. У 2020 годзе нам давялося процістаяць масавым парушэнням грамадскага парадку і экстрэмісцкім праявам. Дзякуючы дакладным і зладжаным дзеянням праваахоўнікаў мы не дапусцілі дэстабілізацыі абстаноўкі, чым абаранілі краіну і захавалі яе суверэнітэт", - падкрэсліў міністр.

Усімі напрацоўкамі беларускія праваахоўнікі гатовы падзяліцца. "Любыя стратэгіі процідзеяння злачыннасці, іншым выклікам і пагрозам сучаснасці не дапамогуць асобна ўзятай дзяржаве поўнасцю выкараніць гэтыя з'явы. Упэўнены, сённяшні форум стане адкрытай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу па абмене прафесійным вопытам і яго далейшым укараненнем у нашу штодзённую дзейнасць. Прынятыя рашэнні дадуць магчымасць забяспечыць бяспеку грамадзян і ўстойлівае развіццё нашых дзяржаў", - выказаў надзею на плённы абмен вопытам Іван Кубракоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі