Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 студзеня 2022, 15:16

КС прызнаў закон аб змяненні кодэксаў адпаведным Канстытуцыі

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйны суд прызнаў закон "Аб змяненні кодэксаў" адпаведным Канстытуцыі Беларусі. Адпаведнае рашэнне КС нумар Р-1288/2021 ад 27 снежня 2021 года афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Канстытуцыйны суд разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць закона "Аб змяненні кодэксаў". Як лічыць КС, устаноўленае законам прававое рэгуляванне, што мае на мэце ахову чалавека, яго правоў і свабод, правоў юрыдычных асоб, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў, забеспячэнне абароны канстытуцыйнага ладу і правапарадку, адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі.

"Канстытуцыйны суд лічыць, што закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі", - гаворыцца ў яго рашэнні.

Пры гэтым адзначаецца, што прыняцце закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення заканадаўчага рэгулявання адносін у крымінальнай і адміністрацыйнай сферах для забеспячэння законнасці і правапарадку, гарантавання канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

У прыватнасці, Крымінальны кодэкс дапаўняецца артыкулам, які прадугледжвае, што арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, адносна якіх маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое ўступіла ў законную сілу, аб іх ліквідацыі або прыпыненні іх дзейнасці, а таксама арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага арт.423-1 КК, караюцца штрафам, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Адначасова з Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях выключаецца арт.24.57, які ўстанаўлівае адміністрацыйную адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці.

Канстытуцыйны суд лічыць, што устаноўленае законам прававое рэгуляванне, накіраванае на ўзмацненне адказнасці за незаконныя арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці, не выходзіць за рамкі паўнамоцтваў заканадаўца. Ён зыходзячы з неабходнасці забеспячэння дзяржавай павышанай абароны асобных грамадскіх адносін на пэўным этапе развіцця грамадства мае права ўстанаўліваць крымінальную адказнасць за ажыццяўленне пэўных грамадска небяспечных дзеянняў.

Разам з гэтым устанаўліваецца, што асоба, якая добраахвотна спыніла дзеянні, прадугледжаныя арт.193-1 КК, і заявіла аб гэтым дзяржаўным органам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў яе дзеяннях няма складу іншага злачынства. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі аналагічныя дзеянні на працягу двух гадоў пасля добраахвотнага спынення дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам.

Закон "Аб змяненні кодэксаў" прыняты Палатай прадстаўнікоў 21 снежня 2021 года і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу 22 снежня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі