Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 кастрычніка 2016, 14:53

КС Беларусі прызнаў закон аб бюджэце на 2017 год адпаведным Канстытуцыі

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закон "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год" прызнаны Канстытуцыйным судом (КС) адпаведным Канстытуцыі Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў рашэнні КС ад 12 кастрычніка 2016 года, якое апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы аб тым, што закон па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі. Таксама ўдакладняецца, што рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.

Як паведамлялася, бюджэт сфарміраваны з улікам неабходнасці захавання макраэканамічнай стабільнасці, паслядоўнай рэалізацыі збалансаванай бюджэтнай палітыкі і канцэнтруе рэсурсы на важнейшых напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць. Вырастуць расходы на ахову здароўя, навуку, адукацыю. Прадугледжаны сродкі на дадатковую падтрымку шматдзетных сем'яў для фарміравання сямейнага капіталу ў суме

Br458 млн, што на 15 працэнтаў больш у параўнанні з 2016 годам. Для выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, асобных відаў пенсій у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва перадаюцца субвенцыі ў суме Br698 млн.

Прафіцыт бюджэту ў 2017 годзе складзе Br1 496,2 млн. Даходы бюджэту на 2017 год прадугледжаны ў суме Br18 235,2 млн, або з ростам да чаканага выканання 2016 года на 6,1 працэнта. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў стануць падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы бюджэту на 2017 год прадугледжваюцца ў суме Br16 739,1 млн, або 98,9 працэнта да чаканага выканання 2016 года.

Закон "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год" прыняты Палатай прадстаўнікоў 5 кастрычніка 2016 года, адобраны Саветам Рэспублікі 6 кастрычніка бягучага года і прадстаўлены Прэзідэнту Беларусі на подпіс.

Акрамя таго, КС прызнаў адпаведнымі Канстытуцыі законы "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2017 год" і "Аб унясенні дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі