Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 снежня 2019, 18:25

Крутой: сустрэчы з дзецьмі заўсёды прыносяць станоўчыя эмоцыі

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой у час рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" павіншаваў пацыентаў аддзялення кардыяхірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер у аддзяленні знаходзяцца 20 пацыентаў з розных рэгіёнаў краіны, якім зроблена або будзе зроблена аперацыя на сэрцы. Шмат каму з іх ужо аказалі дапамогу, яны рыхтуюцца да выпіскі і Новы год сустрэнуць дома. У аддзяленні кардыяхірургіі выконваюцца вельмі складаныя аперацыі ў хворых, якія маюць прыроджаны парок сэрца, - ад нованароджаных да 18 гадоў. Сёння ў кожную палату з віншаваннямі і падарункамі ад урада зазірнуў Дзмітрый Крутой разам з Дзедам Марозам і іншымі казачнымі персанажамі. Кожнаму пацыенту дасталіся цацкі і ласункі, медустанове перадалі тэлевізары.

Для Дзмітрыя Крутога ўдзел у акцыі "Нашы дзеці" ўжо стаў традыцыяй. Працуючы ў Мінэканомікі, ён перад Новым годам віншаваў выхаванцаў падшэфнага дзіцячага дома.

"Сустрэчы з дзецьмі заўсёды даюць станоўчы зарад. Дзеці, якіх мы сёння павіншавалі, нягледзячы на тое што многія з іх з вельмі сур'ёзнымі дыягназамі і перанеслі або яшчэ перанясуць складаную аперацыю, не сумуюць. Яны ж дзеці і чакаюць цуду, Новага года. Вядома, яны рады Дзеду Марозу, Снягурачцы, і гэта маленькае шчасце, якое ў час акцыі "Нашы дзеці" можна прынесці, думаю, іх вельмі радуе", - адзначыў ён.

Першы віцэ-прэм'ер выказаў удзячнасць супрацоўнікам аддзялення кардыяхірургіі, адзначыўшы, што ў іх адна з самых цяжкіх, але вельмі важная і патрэбная работа. "Урад ужо зрабіў пэўныя захады, каб падтрымаць работнікаў сферы аховы здароўя. Будзе прадаўжаць і ў наступным годзе гэту работу, каб вы адчувалі аддачу ад той цяжкай працы, якой займаецеся", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі - адносна маладая структура, ёй споўнілася 5 гадоў. "Жадаю, каб умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база, рос узровень урачоў. Вядома, хацелася б сказаць, каб было менш пацыентаў, але гэта, напэўна, немагчыма. Таму пажадаю, каб вы з усімі задачамі спраўляліся", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.

Акцыя "Нашы дзеці" ў бягучым годзе пачалася ў Беларусі 9 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. У час акцыі кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый наведваюць дзіцячыя ўстановы і бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем'і, каб уручыць дзецям падарункі і павіншаваць іх з навагоднімі святамі. Дабрачынны марафон праводзіцца па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі