Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2022, 15:46

Крупко: вытворчы, навуковы патэнцыял робіць Гомельскі рэгіён прывабным для інвестыцый

19 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Вытворчы, навуковы і чалавечы патэнцыял робіць Гомельскі рэгіён прывабным для гандлёва-эканамічных адносін, інвестыцый. Акцэнт на гэтым зрабіў сёння старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на адкрыцці XXIII Міжнароднай выстаўкі "Вясна ў Гомелі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Высокі вытворчы, навуковы і чалавечы патэнцыял, гібкія падыходы ў арганізацыі вядзення бізнесу, ільготы і прэферэнцыі робяць Гомельскі рэгіён прывабным для гандлёва-эканамічных адносін, інвестыцый, турызму", - адзначыў губернатар.

Ён звярнуў увагу: вобласць рэгулярна праводзіць анлайн- і асабістыя міжнародныя сустрэчы. "Толькі ў сакавіку дэлегацыя Гомельскай вобласці абмяркоўвала ў Бранску пытанні далейшага супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва, а ў красавіку ўжо заключылі дагавор аб супрацоўніцтве паміж нашым упраўленнем спорту і Бранскім дэпартаментам фізічнай культуры", - прывёў прыклад Іван Крупко. У пачатку года на абласным узроўні падпісалі пратакол аб намерах з Рэспублікай Тыва. У Дзень Перамогі пабрацімскае пагадненне змацавалі Чачэрскі раён і Цярбунскі раён Ліпецкай вобласці.

Тры дакументы ў анлайн-фармаце падпісаны ў гэтым годзе з рэгіёнамі Кітая. "Пабрацімскія - паміж Светлагорскам і горадам Баадзін правінцыі Хэбэй, Гомельскай вобласцю і аўтаномным раёнам Унутраная Манголія. З гэтым кітайскім рэгіёнам таксама распрацаваны пяцігадовы план супрацоўніцтва", - удакладніў старшыня аблвыканкама.

Гатоўнасць паглыбіць дзелавыя кантакты пацвердзілі в'етнамскія дыпламаты. "І ўжо ёсць вынікі: у першым квартале гэтага года вобласць аднавіла пастаўкі ў В'етнам малочнай прадукцыі, абсталявання для трубаправодаў і помпаў", - сказаў губернатар.

Двойчы з пачатку гэтага года вобласць наведваў пасол Індыі ў Беларусі. "Яго цікавасць да "Гомсельмаша", прадпрыемстваў СЭЗ "Гомель-Ратон" падкрэслівае важнасць далейшага развіцця двухбаковых адносін", - лічыць кіраўнік рэгіёна.

За апошні год рэзультатыўна прайшлі больш за 10 сумесных афіцыйна-дзелавых мерапрыемстваў і паміж Казахстанам і Гомельскай вобласцю.

Раскрыць патэнцыял прадпрыемстваў і тэрыторый, пашырыць бізнес-кантакты, нарасціць гандлёва-эканамічны абмен, атрымаць новыя ўзаемавыгадныя кантракты і прадоўжыць ужо існуючае супрацоўніцтва дае магчымасць і выстаўка "Вясна ў Гомелі", лічыць старшыня аблвыканкама.

"Нездарма такія выстаўкі-кірмашы параўноўваюць з алімпійскімі гульнямі. Вялікая колькасць краін-удзельніц, дэманстрацыя лепшых узораў тавараў і паслуг, а праз іх - цікавасць і да тэрыторыі, дзе яны выраблены", - сказаў на заканчэнне Іван Крупко.

XXIII Міжнародная выстаўка "Вясна ў Гомелі" праходзіць з 19 па 27 мая. Яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Беларусі і 14 замежных краін. Таксама з 20 па 22 мая на Кіеўскім спуску разгорнецца 8-е свята майстроў і рамеснікаў "Гомельская вясна". Арганізатары адзначылі, што ў спісе больш за 110 удзельнікаў. У бягучым годзе ён набывае статус міжнароднага - акрамя беларускіх рамеснікаў у ім прымуць удзел прадстаўнікі В'етнама і Марый Эл (Расія).

Форум арганізуе Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі