Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2021, 16:47

Косінец: узровень аказання планавай меддапамогі не знізіцца

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі не дапусцяць зніжэння планавай кансультатыўнай дапамогі, заявіў журналістам памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб рабоце аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі 19 кастрычніка было дадзена даручэнне - неадкладна аднавіць аказанне планавай кансультатыўнай і лячэбнай дапамогі, паколькі яна ў большасці рэгіёнаў была згорнута. Літаральна на працягу двух сутак абласныя выканаўчыя камітэты распрацавалі планы па аднаўленні аказання планавай кансультатыўнай дапамогі хворым.

Як адзначыў Аляксандр Косінец, у раённых, гарадскіх паліклініках і бальніцах ложкавы фонд заняты для аказання дапамогі хворым з каранавіруснай інфекцыяй. Гэта асабліва датычыцца анестэзіёлага-рэанімацыйных аддзяленняў, дзе праводзіцца штучная вентыляцыя лёгкіх, заняты наркозныя апараты. Зразумела, там размяшчаць пацыентаў, аперыраваных у планавым парадку, ні ў якім разе нельга. "У сувязі з гэтым мы задзейнічаем трэці і чацвёрты ўзроўні - гэта абласныя бальніцы і рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры. Дапамога ў галіне анкалогіі, кардыялогіі, траўматалогіі, неўралогіі і нейрахірургіі, педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі, планавая стаматалогія - гэта будзе аказвацца ў поўным аб'ёме. Больш таго, на сёння мы праводзім карэкціроўку гэтых планаў", - сказаў памочнік Прэзідэнта.

Паводле яго слоў, папярэдне пацыент павінен будзе здаць аналіз на ПЛР, каб была поўная ўпэўненасць, што ў яго няма каранавіруснай інфекцыі.

Разам з тым, заўважыў Аляксандр Косінец, напрыклад, Гродзенская вобласць і не згортвала аказанне планавай меддапамогі. "Яны дэманструюць і ложкавы фонд, які будзе задзейнічаны для аказання планавай дапамогі, і якім чынам будзе аказанне кансультатыўнай дапамогі ў паліклініках", - сказаў ён. Аналагічная сітуацыя ў Мінскай вобласці, што паказала ўчарашняе наведванне кіраўніком дзяржавы Мінскай абласной клінічнай бальніцы, у якой прадаўжаецца аказанне планавай хірургічнай дапамогі.

"Сутнасць пытання ў наступным: калі сёння абмежаваць гэта пытанне, а яно ляжыць у рамках арганізацыі і кіравання, мы можам мець вельмі вялікія праблемы і наступствы. Саматычныя захворванні ў выпадку з'яўлення ўскладненняў могуць прыводзіць да значных смяротных канцоў", - адзначыў памочнік Прэзідэнта.

Напрыклад, у пацыента з грыжай, які заняты цяжкай фізічнай працай, павышэнне ўнутрыбрушнога ціску прывядзе да выхаду ў грыжавы мяшок змесціва, ушчамленню кішкі і ў канчатковым выніку можа развіцца перытаніт у тэрмінальнай стадыі, лятальнасць пры гэтым складае 80-100 працэнтаў. "Хранічны калькулёзны халецыстыт, абвастрэнне. Кожны раз яго трэба разглядаць як востры халецыстыт. Перфарацыя жоўцевага пузыра можа выклікаць і перытаніт, і розныя ўскладненні - халангіты, гепатыты, што зноў жа спалучана з колькасцю смяротных канцоў на 50 працэнтаў і больш", - растлумачыў Аляксандр Косінец.

Ён прывёў прыклад і банальнага варыкознага расшырэння вен ніжніх канечнасцей, якое называюць варыкознай хваробай. "Выпадковы ўдар - механічная траўма, тромбафлебіт, тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі - таксама вельмі высокая смяротнасць, якая вагаецца ад 50 працэнтаў да 80 працэнтаў. Гэта значыць, у сотні разоў перавышае рызыку смяротных канцоў пасля каранавіруснай інфекцыі", - заўважыў ён.

Таму на сёння ў Беларусі будуць максімальна вызваляць ад занятасці аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі абласных бальніц, ствараючы перш за ўсё і кіслародныя кропкі, і пакідаючы апараты ШВЛ у раённых, гарадскіх бальніцах. Туды будуць выязджаць узмоцненыя брыгады спецыялістаў медыцынскіх універсітэтаў, цэнтраў, аказваючы дапамогу хворым з каранавіруснай інфекцыяй. Такія ж брыгады пры неабходнасці будуць выязджаць і ў раёны, гарадскія цэнтры і забіраць на сябе пацыентаў у абласныя бальніцы, анкадыспансеры, кардыялагічныя дыспансеры, рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

"Мы ўвесь гэты працэс збалансуем, выведзем на такі ўзровень, які не дазволіў бы ў выніку мець ускладненні або далейшае развіццё захворвання, што прыводзіць да істотнага пагаршэння якасці жыцця пацыентаў. Гэта датычыцца ўсіх без выключэння напрамкаў. Ні ў якім разе не дапусцім зніжэння планавай кансультатыўнай дапамогі. Даручэнне кіраўніка дзяржавы будзе выканана", - рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі