Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 ліпеня 2024, 19:30

Конкурсы, балы атэстатаў, унутраныя ўступныя іспыты. ВНУ залічылі мэтавікоў

Фота з архіва
Фота з архіва
Прыёмная кампанія для мэтавікоў завершана. Сёння праходзілі апошнія залічэнні ў ВНУ. У гэтым годзе зацверджана больш за 5,6 тыс. мэтавых месцаў, што на 1 тыс. больш, чым у мінулым годзе. Універсітэты рэгістравалі вялікую цікавасць і высокія конкурсы. Кіраўнікі вышэйшых навучальных устаноў расказалі карэспандэнту БЕЛТА, як паступалі абітурыенты з мэтавымі накіраваннямі: хто і адкуль да іх прыйшоў, з якімі баламі атэстата і дасягненнямі.

БДУ: палова залічаных мэтавікоў маюць сярэдні бал атэстата 9,0 і вышэй

Усяго на мэтавае навучанне ў БДУ планавалася прыняць 113 чалавек. "Прыём ажыццяўляўся па 31 спецыяльнасці, з іх восем - педагагічных. Найбольшая колькасць мэтавых месцаў была заяўлена па спецыяльнасцях "правазнаўства" - 30 і "мытная справа - 18", - праінфармаваў рэктар Белдзяржуніверсітэта Андрэй Кароль. - Заказчыкам найбольшай колькасці кадраў выступіла ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, за гэтым ведамствам замацавана 25 мэтавых месцаў, а таксама Дзяржаўны мытны камітэт - 18 месцаў і Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама - 16 месцаў".

Пры гэтым тры арганізацыі не забяспечылі конкурс, адпаведна, усе іх чатыры месцы былі перададзены на агульны конкурс. Для ўдзелу ў конкурсе падалі дакументы 181 абітурыент, сярод іх 19 медалістаў і палова маюць сярэдні бал атэстата 9,0 і вышэй.

БДУІР: максімальны конкурс сярод прадпрыемстваў склаў 5 чалавек на месца

Сёння ў БДУІР адбылося залічэнне абітурыентаў для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. "Міністэрствам адукацыі для мэтавай падрыхтоўкі было выдзелена 67 бюджэтных месцаў на 13 спецыяльнасцях у інтарэсах 28 заказчыкаў. За час уступнай кампаніі на мэтавыя месцы было пададзена 107 заяў ад абітурыентаў ад 26 заказчыкаў. Ва ўніверсітэт залічана 56 абітурыентаў, сярод іх адзін медаліст, які паступіў без экзаменаў на запатрабаваную эканомікай спецыяльнасць "электронныя сістэмы і тэхналогіі". Астатнія абітурыенты здавалі вусны экзамен па матэматыцы", - расказалі ў прэс-службе БДУІР.

Сярэдні конкурс па спецыяльнасцях сярод абітурыентаў склаў 1,8 чалавека на месца. "Найбольшы конкурс быў адзначаны на спецыяльнасці "сістэмы і сеткі інфакамунікацый" - 3 чалавекі на месца і "праграмная інжынерыя" - 2,55 чалавека на месца. Сярод прадпрыемстваў максімальны конкурс склаў 5 чалавек на месца ў інтарэсах цэнтра абароны інфармацыі дзяржаўнага аб'яднання "Беларуская чыгунка" на спецыяльнасць "праграмная інжынерыя" і 4 чалавекі на месца СААТ "Камунарка" на спецыяльнасць "праграмная інжынерыя", - праінфармавалі ў ВНУ.

БДПУ: больш за трэць ад усяго набору ў нас - мэтавікі

"Сёння з раніцы мы залічылі абітурыентаў, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта была вельмі вялікая лічба - 357 чалавек, што складае больш за трэць набору, - праінфармаваў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Аляксандр Жук. - Мы рады, што большасць месцаў аказаліся запоўнены, на спецыяльнасцях быў конкурс. Прыемна, што сярод паступіўшых 67 з'яўляюцца выпускнікамі педагагічных класаў".

Паводле слоў рэктара, на выпускнікоў педкласаў ВНУ ўскладае вялікія надзеі. "Педагагічныя класы дазваляюць дзецям на старшай ступені школы на працягу двух гадоў паспрабаваць прафесію і зрабіць свядомы выбар. Мы бачым, што нашы студэнты-выпускнікі педкласаў - гэта тыя, хто добра і выдатна вучыцца, сацыяльна актыўны, яны - нашы кіраўнікі педагагічных атрадаў, валанцёрскіх  аб'яднанняў, гэта старасты груп, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў, гэта тыя, хто ўжо ў школьныя гады здолеў праявіць сябе. Мы падтрымліваем гэту актыўнасць і спадзяёмся, што нашы выпускнікі будуць дастойнымі педагогамі", - падкрэсліў Аляксандр Жук.

БДТУ: набор мэтавікоў больш як у два разы перасягнуў паказчыкі мінулага года

ВНУ ў гэтым годзе залічыла 130 мэтавікоў на 24 спецыяльнасці, 15 з якіх - найбольш запатрабаваныя эканомікай. "Заказчыкамі кадраў выступілі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і іншыя, - расказаў рэктар БДТУ Ігар Войтаў. - З 27 чэрвеня па 2 ліпеня ў прыёмную камісію паступіла 147 заяў ад абітурыентаў. З тых, хто падаў дакументы, два выпускнікі ўзнагароджаны залатым медалём, 86 маюць сярэдні бал атэстата вышэйшы за 8. Абітурыенты паступілі з розных раёнаў нашай краіны: Брэсцкая вобласць - 22 чалавекі, Віцебская - 12, Гомельская - 21, Гродзенская - 17, Мінск і Мінская - 62, Магілёўская - 13 чалавек".

Для паступлення ва ўніверсітэт абітурыенты-мэтавікі здалі адзін уступны іспыт у вуснай або практычнай форме па вучэбным прадмеце першага профільнага іспыту, а менавіта, па хіміі, матэматыцы, фізіцы, творчасці або фізічнай культуры і спорце. "Па выніках пасяджэння прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прынята 130 абітурыентаў. Найбольшы конкурс, традыцыйна, склаўся на спецыяльнасці "лясная гаспадарка", - дадаў рэктар ВНУ.

Святлана Пекар,

БЕЛТА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі