Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2025, 12:00

Коні таксама ўмеюць плакаць. Гісторыя спартсменкі, якая стала валанцёрам і ратуе жывёл

Былыя пародзістыя "спартсмены", звычайныя вясковыя рабацягі, толькі што народжаныя жарабяты... Родніць іх адно - яны сталі непатрэбнымі ранейшым гаспадарам. А Кацярыне Буйкевіч разам з памочнікамі за дзесяць гадоў удалося выратаваць тры сотні коней, не лічачы пары-тройкі табуноў "жаўтароцікаў". Некаторыя з іх засталіся з ёй у вёсцы Чэрнікаўшчына, што недалёка ад Смалявіч.

Першая Ластаўка


Любоў да коней у Кацярыны з дзяцінства. Недалёка ад Радашковіч, дзе яна адпачывала летам, знаходзіўся водаканал. Там яна ўпершыню і ўбачыла прыгожую рабочую кабылку па мянушцы Ластаўка.

- Я літаральна прыкіпела да Ластаўкі. Карміла, расчэсвала, размаўляла з ёй. Сядзім на захадзе сонца - яна траву шчыпле, а я побач у сваіх марах знаходжуся. І так лёгка і светла было на душы. Мясцовыя рабацягі мяне нават саджалі на Ластаўку, і яна вельмі беражліва, як хрустальную вазу, мяне катала. Аднойчы я сама асмялела і залезла на яе, калі яна ляжала на траве. Конь нават не варухнуўся, прадаўжаючы нешта жаваць. А я гладзіла яго, прыліпшы да цёплага цела, - успамінае валанцёр.

Потым дзяўчынка займалася ў дзіцячай спартыўнай коннай школе ў Ратамцы. Ёй здавалася, што гэта адзінае месца, дзе можна быць побач са сваімі любімцамі.

- Але паступова жаданне ездзіць верхам знікала, - прызнаецца Кацярына. - Коней у спорце прымушаюць выконваць пэўныя функцыі. Не падабаліся мне гэтыя метады работы з жывёламі. Паскардзіцца конь не можа, толькі што яго вялізныя вочы, кранутыя слязой, гавораць пра боль. А калі коні атрымліваюць траўмы або старэюць, іх выкрэсліваюць са спорту. Потым адна дарога - на мясакамбінат.

У іх ёсць шанц

Аднойчы Кацярыне давялося прайсці з канём, які зламаў нагу, увесь гэты страшны шлях - ад кропкі, дзе на ім паставілі крыж, да прыходу на пункт па мясанарыхтоўцы.

- Гэта сапраўднае пекла для ўсіх жывёл, не толькі коней. Іх усіх шкада, - прызнаецца Кацярына. - І вось, напэўна, гэта быў той самы зыходны пункт, калі зразумела, што магу быць не проста побач з коньмі і задавальняць нейкія свае амбіцыі, душэўныя патрэбнасці, але яшчэ і прыносіць карысць жывёлам.

Аднак як змяніць сітуацыю і выратаваць як мага больш коней ад немінучай гібелі, дзяўчына не ведала. У 2013 годзе яна пайшла ў свой першы дэкрэтны водпуск. Быў час падумаць над рознымі варыянтамі. Пры падтрымцы Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання дапамогі жывёлам "ЗААшанц" яна арганізавала сваю каманду.

- З удзячнасцю ад добрых людзей прымаем корм, паліто для коней і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы, - расказвае субяседніца. - Існуём дзякуючы дапамозе неабыякавых. Сардэчны дзякуй ім за гэта. Прыемна ведаць, што ёсць надзейныя сябры, аднадумцы, якія гатовы падтрымаць падапечных у цяжкі час. У мінулым годзе нам споўнілася 10 гадоў. Юбілей нібыта невялікі, але сёе-тое ўдалося зрабіць. Мы ніколі не вялі спецыяльны падлік, але, паводле прыкідак, за гэты час не менш за 300 коней выратавалі ад немінучай смерці. І плюс яшчэ табуны жарабцоў, якія таксама ўдалося недзе ўладкаваць.

Беларускі цяжкавоз

Паводле слоў Кацярыны Буйкевіч, у Беларусі племянная галіна развіта нядрэнна. Але адна справа - "вырабіць" каня, іншая - утрымліваць або прадаць. Часам да валанцёраў паступаюць паведамленні аб тым, што калгас, скажам, збіраецца адправіць на мясакамбінат коней, якія знаходзяцца ў іх на балансе. Каманда не можа ўсіх іх выкупляць, бо размова часам ідзе пра табуны па 20-100 галоў. У такім выпадку выступаюць у якасці інфармацыйнай пляцоўкі: паведамляюць праз інтэрнэт і знаёмых, што ёсць магчымасць па нізкай цане набыць маладога добрага каня ці здаровых жарабят.

Кацярына вельмі высокай думкі аб кані беларускай запражнай пароды. Яна расказала, што гэта адна з самых маладых сярод усіх тых, што былі выведзены на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Афіцыйна беларуская запражная прызнана толькі ў 2000 годзе, але працэс фарміравання гэтай пароды адбываўся на працягу вельмі доўгага часу.

- Здавалася б, нашу нацыянальную пароду павінны развіваць і захоўваць. Але не раз адбывалася, што мы вымушаны былі дапамагаць, каб гэтыя конікі знайшлі дом, а не пайшлі "на каўбасу", - прызнаецца яна. - Справа ў тым, што ў некаторых калгасах, якія займаюцца гадоўляй, не наладжаны на належным узроўні збыт. Не выпрацавана маркетынгавая палітыка, якая дапамагала б сістэмна пашыраць свой тавар на рынку.

Не без дапамогі Кацярыны і яе каманды жарабяты, усе да аднаго, знаходзілі "рукі". Вельмі шмат паехала ў суседнюю краіну.

- Наогул, расіяне любяць нашу пароду. Падкрэсліваюць, што гэта вельмі добрыя коні, сапраўдныя рабацягі, - гаворыць яна. - Цэняцца яны і за сваю ўніверсальнасць: могуць не толькі павозку цягнуць ды ў полі працаваць, але і верхам пракаціць, і атрымаць высокія рэзультаты ў канкурных спаборніцтвах. А якія масці шыкоўныя - белыя, шэрыя, жоўтыя, з блакітнымі вачамі. Калі адрастае грыва, конь выглядае як волат! Шкада, што мала ўдзяляецца ўвагі беларускай пародзе для яе гадоўлі і папулярызацыі.

З вялікай цеплынёй гаворыць яна пра тых, хто бярэ пад сваю апеку конікаў-пенсіянераў:

- Гаспадар такога каня загадзя бярэ на сябе вялікія фінансавыя траты, таму што конь - гэта не сабака і не кот, есць у два разы больш. Ды і не забярэш яго дадому ў кватэру на балкон. Трэба альбо арандаваць падыходзячае жыллё, альбо трымаць у прыватным доме, пабудаваўшы там хлеў, выгул. А колькі праблем са здароўем у такіх старых жывёл! Калі ў іх няма зубоў, патрэбны спецыяльныя кашы. Праблемы з дыханнем - гэта дадатковыя траты на лякарствы і інгаляцыі. Таму прыватнік, які выкупляе старога каня і ўтрымлівае яго, у маім разуменні, напэўна, герой.

Правілы ўтрымання

Першага выратаванага каня Кацярына запомніла назаўсёды. У прыватным сталічным сектары ў Малінаўцы дзядуля ўтрымліваў кабылу, якой было глыбока за 20, а гэта пенсійны ўзрост ужо ў коней. Суседзі расказалі, што гаспадар ездзіў на ёй у спёку і холад у лес, цягаў туды-сюды ўсялякія бярвёны. Аднойчы конік праваліўся ў яму, вельмі траўміраваў нагу і ў выніку застаўся без дапамогі. Калі валанцёры прыбылі агледзець жывёлу, то былі ўражаны! На спёцы гнойную рану літаральна раз'ядалі мухі, якія корпаліся ў ёй. Каб людзі не бачылі ўвесь гэты жах, стары абвязаў рану кардонкай.

У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, няма асобнага закона па абароне сельскагаспадарчых жывёл ад жорсткага абыходжання. Аднак існуюць правілы іх утрымання. У прыватнасці, ёсць пункт, што ўладальнік абавязаны прадаставіць пры неабходнасці ветэрынарную дапамогу жывёле. І вось дзякуючы гэтаму пункту Кацярыне і камандзе ўдалося схіліць мужчыну да продажу каня. Толькі так валанцёры змаглі яго вылечыць і выратаваць.

Жорсткасць у адносінах да коней, як лічыць субяседніца, гэта не толькі ўдары плёткай або лупцоўка, але і невыносныя ўмовы ўтрымання, адсутнасць клопату аб гадаванцах.

Цяпер у падапечных у каманды выратавання - тры кані і поні. Усе гісторыі іх вельмі кранальныя.

- Першы наш жыхар тут, у Чэрнікаўшчыне, - поні Лёлік, яму ўжо 24 гады. Ён шэтлендскай пароды, - расказвае Кацярына. - Але, на жаль, з прыроджанай дэфармацыяй скакальных суставаў. Забаўляў калісьці дзяцей у адной з гродзенскіх спартыўных школ. А калі яна закрылася, лёс яго быў прадвызначаны. Ну мы і вырашылі забраць гэта маленькае цуда сабе ў каманду.

Нялёгкі лёс і ў вясковага рабацягі, пры нараджэнні названага Султанам. Кацярына спачатку ахрысціла беласнежнага красуна Воблачкам, але, убачыўшы, як ён самазабыўна качаецца ў гразі, пераназвала ў Тучу. У вёсцы скакун дапамагаў гаспадару. Потым Султана набыў конны клуб, які займаецца пракатам. Там конь і "зарабіў" астму, таму ўвесь час кашляе. Прыступы даводзіцца купіраваць - інгаляцыямі, уколамі, кропельніцамі.

Побач па суседстве з Тучкай жыве Элмер. Абсалютна сляпы, прычым ужо дзесяць гадоў. У Магілёўскай дзіцячай спартыўнай школе займаўся трохбор'ем, падаваў надзеі. Але атрымаў траўму - стукнуўся патыліцай і, відаць, у выніку кровазліцця ў мозг аслеп. Ён вельмі добра арыентуецца пры дапамозе слыху. Падыходзіць практычна ўшчыльную да агароджы - і паварочваецца.

Адна з любіміц Кацярыны - былая спартсменка Энергія.

- У адрозненне ад мяне, яна лятала на самалёце. Прычым на Алімпіяду ў Пекін, - расказвае яна.

Энергію, сапраўдную прыгажуню і каралеву, гаспадыня з любоўю называе "Інстаграмнай дзівай". На фота выглядае проста цудоўна! І выклікае шмат захопленых водгукаў. Відаць, Энергія разумее сваю абаяльнасць, таму і дазваляе сабе часта капрызнічаць. Моркву любіць, але калі вы ёй чымсьці не спадабаліся, не возьме з рук.

- Коні даюць мне душэўнае задавальненне. У псіхолагаў ёсць паняцце "закрыць гештальт", што азначае завяршыць пачатае, давесці да канца. Відаць, і я змагла цалкам пазнаць свой унутраны свет і закрыць гештальт толькі пасля таго, як у маім жыцці з'явіліся гэтыя ўнікальныя жывёлы, - прызнаецца Кацярына. - Калі коні побач, адчуваю сябе добра. Не ўсе, магчыма, ведаюць, што для больш як дваццаці народаў свету коні - свяшчэнныя жывёлы. І мне здаецца, яны заслужылі пашану і павагу за тое, што зрабілі для чалавецтва і прадаўжаюць рабіць.

Кацярына паўгода таму стала другі раз мамай. Вядома, цяжка выхоўваць дваіх дзяцей і адначасова ўдзяляць дастаткова ўвагі жывёлам. Але ёй дапамагае муж Ігар, і гэта вялікая падтрымка. Жыве сям'я ў просценькім драўляным доміку, у сціплых умовах. Але Каця, нягледзячы на суровы побыт, не развучылася ўсміхацца, жартаваць і дарыць цеплыню свайго сэрца ўсім, хто знаходзіцца з ёй побач.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Алена ЕЛАВІК, фота - аўтара
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі