Сцяг Нядзеля, 25 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 красавіка 2025, 12:54

Колькі доз вакцын было ўведзена ў Беларусі ў 2024 годзе, расказалі ў Міністэрстве аховы здароўя

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5 млн доз вакцын было ўведзена ў арганізацыях аховы здароўя Беларусі ў 2024 годзе. Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў у час навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам "Вакцынацыя: сучасны погляд на праблему", якая праходзіць у "Прэзідэнт-Атэлі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр нагадаў аб значэнні імунізацыі ў сусветнай і айчыннай практыцы. "Вось ужо больш за дзвесце гадоў імунізацыя дапамагае чалавецтву рабіць свет больш бяспечным - пачынаючы з самай першай вакцыны ад воспы і заканчваючы найноўшымі мРНК-вакцынамі. Вакцыны абараняюць кожнага з нас паасобку і даюць магчымасць нам абараняць калектыўнае здароўе ўсіх людзей і членаў сусветнай супольнасці", - сказаў Аляксандр Хаджаеў.

Ён нагадаў, з якімі выклікамі сутыкалася Беларусь да пачатку масавай вакцынацыі. "У Рэспубліцы Беларусь у давакцынальным перыядзе штогод каля 1 тыс. дзяцей захворвалі на поліяміэліт, і значная частка з іх заставалася інвалідамі, больш за 50 тыс. малышоў заражаліся адром і краснухай, каля 33 тыс. - эпідэмічным паратытам і больш за 11 тыс. чалавек захворвала на дыфтэрыю", - падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, шматгадовая прафілактычная работа прынесла адчувальныя вынікі. "За мінулыя дзесяцігоддзі правядзенне прафілактычных прышчэпак дало магчымасць дасягнуць значных поспехаў у прафілактыцы шэрага інфекцыйных захворванняў ва ўсім свеце: ліквідавана натуральная воспа і цыркуляцыя двух з трох дзікіх штамаў віруса поліяміэліту, адзначаецца значнае зніжэнне колькасці выпадкаў адру, краснухі, дыфтэрыі, слупняку. Правядзенне ў нашай краіне шматгадовай бесперапыннай вакцынацыі ў рамках Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак забяспечыла падтрыманне статусу краіны, свабоднай ад поліяміэліту, статусу элімінацыі адру і краснухі, а таксама забяспечыла дасягненне Рэспублікай Беларусь рэгіянальных мэт кантролю віруснага гепатыту В", - адзначыў міністр.

Аляксандр Хаджаеў дадаў, што Беларусь стабільна захоўвае высокі ахоп вакцынацыяй. "Ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі дзяцей у рамках Нацыянальнага календара па ўсіх пазіцыях складае не ніжэй за 97 працэнтаў ад кантынгентаў, якія падлягаюць вакцынацыі, ахоп дарослых - не ніжэйшы за 95 працэнтаў", - сказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што аб'ём прафілактычнай работы застаецца маштабным. "За 2024 год у арганізацыях аховы здароўя краіны ўведзена больш як 5 млн доз вакцын падлягаючым вакцынацыі кантынгентам насельніцтва. Вядзецца пастаянная сістэмная шматузроўневая работа з грамадзянамі, якія адмаўляюцца ад прафілактычных прышчэпак", - заявіў Аляксандр Хаджаеў.

Уплыў спецыфічнай прафілактыкі адчуваецца на статыстыцы захворванняў. "Колькасць выпадкаў інфекцый, кіруемых і папярэджваемых сродкамі спецыфічнай прафілактыкі, прадаўжае зніжацца або заставацца стабільна нізкім па большасці пазіцый", - адзначыў ён.

Міністр звярнуў увагу на новаўвядзенні ў Нацыянальным календары. "З 1 студзеня бягучага года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2024 года нумар 111, у адпаведнасці з якой Нацыянальны каляндар быў дапоўнены вакцынацыяй супраць віруса папіломы чалавека ў дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў, пашыраны кантынгенты насельніцтва, якія падлягаюць вакцынацыі супраць пнеўмакокавай інфекцыі - цяпер гэта ўсе дзеці ва ўзросце 2, 4 і 12 месяцаў жыцця, а таксама ўведзена бустарная вакцынацыя дзяцей ва ўзросце 6 гадоў супраць коклюшнай інфекцыі", - адзначыў Аляксандр Хаджаеў.
На заканчэнне міністр падкрэсліў важнасць асабістай адказнасці кожнага. "Захаваць дасягнуты эпідэміялагічны дабрабыт у дачыненні да вакцынакіруемых інфекцый магчыма толькі пры актыўнай пазіцыі кожнага з нас. Наяўнасць усеагульнай даступнасці да якасных і бяспечных вакцын для імунізацыі, веданне магчымасцей сучаснай імунапрафілактыкі і важнасці своечасовай імунізацыі членаў сям'і дасць магчымасць забяспечыць уласную абарону і абарону навакольных ад інфекцыйных захворванняў і стане інвестыцыяй у здароўе і дабрабыт дзяцей і дарослых на працягу ўсяго жыцця", - рэзюмаваў міністр.-0-

Фота Хрысціны Аксёнавай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі