Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 сакавіка 2021, 19:46

Колькасць выпадкаў сярэдняцяжкага і цяжкага ходу хваробы на COVID-19 у Беларусі зніжаецца - Богдан

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць выпадкаў сярэдняцяжкага і цяжкага ходу хваробы на COVID-19 у Беларусі зніжаецца, паведаміла журналістам першы намеснік міністра аховы здароўя, старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын" Алена Богдан пасля падагульняючай калегіі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, дзе падведзены вынікі работы за 2020 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння сітуацыя па ўсёй краіне прыблізна раўнамерная. Мы назіраем зніжэнне як колькасці выўяленых выпадкаў захворвання, так і, самае галоўнае, выпадкаў сярэдняцяжкага і цяжкага ходу хваробы", - сказала Алена Богдан.

Яна адзначыла, што ўстановы аховы здароўя як у Віцебскай вобласці, так і ў цэлым па краіне вяртаюцца да сваёй нармальнай работы. У мінулым годзе давялося знізіць аб'ёмы аказання спецыялізаванай дапамогі. "Было разуменне, што недзе маглі яе адтэрмінаваць, а недзе гэта дапамога, як у выпадку з каранавіруснай інфекцыяй, жыццёва неабходна, - дадала першы намеснік міністра. - Цяпер сітуацыя стабільная па ўсёй краіне".

Паводле слоў Алены Богдан, 2020 год быў вельмі складаным, і Віцебская вобласць першая прыняла ўдар і паўстала на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Вельмі многія падыходы, якія потым былі выкарыстаны ў цэлым у Беларусі, адпрацоўваліся менавіта на гэтым рэгіёне. "Медыцыне Віцебшчыны вялікі дзякуй. І кіраўнік дзяржавы адзначыў на Усебеларускім народным сходзе, што мінулы год быў годам мужнасці медыцынскіх работнікаў, - падкрэсліла першы намеснік міністра. - Мне хочацца сказаць словы ўдзячнасці кожнаму, хто паўстаў на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй, хто жыў у бальніцах, не шкадуючы ні сябе, ні сваіх блізкіх, суткамі працаваў, аказваючы дапамогу грамадзянам. Рэзультаты работы Віцебскай вобласці паказваюць, што сістэма спрацавала вельмі дастойна".

Што датычыцца задач, пастаўленых перад аховай здароўя вобласці, Алена Богдан падкрэсліла, што асноўная - гэта арганізацыя якаснай медыцынскай дапамогі. Неабходна выбудоўваць міжраённыя цэнтры, на высокім узроўні аказваць там медыцынскую дапамогу, укамплектоўваць іх спецыялістамі. Неабходна дакладна выбудаваць маршрут руху пацыентаў, каб не было працяглых чаканняў атрымання медыцынскай дапамогі. У прыватнасці, у Віцебскай вобласці два вялікія міжраённыя цэнтры. Алена Богдан адзначыла, што ім ужо цяпер у сувязі з увядзеннем рэзідэнтуры варта думаць над падыходамі пры падрыхтоўцы кадраў.

Таксама былі закрануты тэмы акрэдытацыі медыцынскіх арганізацый, пабудовы сістэмы кантролю якасці медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, сярод задач для абласной аховы здароўя - рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, выбудоўванне абароны медыцынскага работніка, сямейнае перадабортнае кансультаванне, якое, дарэчы, стартавала менавіта ў Віцебскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі