
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Клінічныя выпрабаванні біялагічнага клапана сэрца беларускай вытворчасці запланаваны на пачатак наступнага года, паведаміў журналістам намеснік дырэктара па інавацыйным развіцці і высокіх тэхналогіях РНПЦ "Кардыялогія" Юрый Астроўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Далейшае развіццё - гэта, безумоўна, стварэнне біяпратэза, які, дарэчы, ужо ёсць. Прайшлі стэндавыя выпрабаванні, выпрабаванні на рэсурс. Біяпратэзы пойдуць у клінічныя выпрабаванні ў пачатку наступнага года", - сказаў Юрый Астроўскі.
Першыя айчынныя механічныя клапаны сэрца ў кардыяхірургіі прымяняюцца з 1993 года. "Цяпер пайшла пятая генерацыя. Яны значна ўдасканалены, па гемадынамічных паказчыках абсалютна не ўступаюць і ў асноўным карыстаемся гэтай прадукцыяй", - сказаў намеснік дырэктара. Ён дадаў, што цяпер механічныя пратэзы настолькі ўдасканалены, што, здаецца, маюць параметры, калі няма асаблівага сэнсу іх удасканальваць далей. "А вось біяпратэзы - гэтым займаемся", - адзначыў ён.
Шмат што зроблена ў плане стварэння сасудзістых пратэзаў. "Мы цяпер будзем працаваць разам са "Сколкава" (інавацыйны цэнтр у Расіі. - Заўвага БЕЛТА). Гэта сумесная вытворчасць, але асноўная база будзе ў нашым Парку высокіх тэхналогій", - падкрэсліў Юрый Астроўскі.
З 2009-га па 2022 год у РНПЦ "Кардыялогія" праведзена 500 аперацый па трансплантацыі сэрца, у тым ліку 17 - дзецям, 110 - замежным грамадзянам. Намеснік дырэктара прызнаўся, што першая аперацыя па перасадцы сэрца засталася ў памяці. Цяпер, калі выкананы сотні такіх умяшанняў, працэс стаў стандартызаваным.
Паводле слоў намесніка дырэктара, пасля трансплантацыі мінімум раз у год, а то і часцей, пацыенты назіраюцца ў РНПЦ. Больш таго, усё лекавае забеспячэнне, што датычыцца імунасупрэсіўнай тэрапіі, бярэ на сябе дзяржава, гэта значыць для пацыента яно поўнасцю бясплатнае. Пасля любых аперацый на сэрцы, у тым ліку пасля інфаркту міякарда, пацыенты праходзяць рэабілітацыю.
У Мінску праходзіць Рэспубліканскі кардыялагічны форум "РНПЦ "Кардыялогія" - 45 гадоў дасягненняў". Ён прысвечаны 45-годдзю ўтварэння РНПЦ і юбілейнай 500-й трансплантацыі сэрца ў Беларусі. Удзел у мерапрыемстве прымаюць спецыялісты з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Сербіі, Канады і інш.
РНПЦ "Кардыялогія" прайшоў шлях ад даследчай лабараторыі да высокаспецыялізаванай навукова-практычнай установы, аснашчанай сучасным абсталяваннем і медтэхнікай, якая аказвае высокатэхналагічную кардыялагічную і кардыяхірургічную дапамогу беларусам і пацыентам з блізкага і далёкага замежжа. Тут працуюць высокакваліфікаваныя ўрачэбныя кадры, якія прайшлі падрыхтоўку ў лепшых клініках свету, актыўна займаюцца навукова-даследчай работай, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Штогод у цэнтры атрымліваюць кансультатыўную дапамогу тысячы беларускіх пацыентаў з усіх рэгіёнаў і амаль 500 замежных грамадзян. Колькасць высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў дасягнула 3,5 тыс., выконваецца ўвесь комплекс кардыяхірургічных аперацый у пацыентаў высокай рызыкі, уключаючы аперацыі па трансплантацыі сэрца, комплексы "сэрца - лёгкія", "сэрца - нырка".
У цэнтры штогод выконваецца больш за 30 навукова-даследчых работ у галіне фундаментальных, прыкладных, інавацыйных навуковых распрацовак, рэгіструецца да 10 патэнтаў, звыш 20 інструкцый па прымяненні новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў.
За гады дзейнасці цэнтра створаны беларуская школа кардыёлагаў, заснавальнікам якой з'яўляецца акадэмік Георгій Сідарэнка, беларуская школа кардыяхірургаў пад кіраўніцтвам акадэміка Юрыя Астроўскага, навукова-педагагічная школа "Неадкладная кардыялогія і прафілактычная медыцына ў клініцы ўнутраных хвароб" пад кіраўніцтвам прафесара Наталлі Міцькоўскай, беларуская школа рэнтгенэндаваскулярных хірургаў і арытмолагаў. Ва ўсіх абласцях і Мінску арганізаваны клінічныя кардыялагічныя цэнтры, актыўна адкрываюцца міжраённыя цэнтры рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі.-0-