Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 чэрвеня 2020, 11:32

Кластарныя і сацыяльна значныя ініцыятывы ў Беларусі атрымаюць падтрымку па праекце ЕС/ПРААН

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі саюз і ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі падтрымаюць кластарныя і сацыяльна значныя ініцыятывы ў 12 раёнах рэспублікі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ПРААН у Беларусі.

Жадаючым развівацца ў прадпрымальніцтве прапануецца паўдзельнічаць у конкурсе ініцыятыў па праекце "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь". Фінансавая падтрымка будзе прадастаўляцца па двух тэматычных напрамках - кластарных ініцыятывах і сацыяльна значных ініцыятывах.

Пад першым маецца на ўвазе арганізацыя сумеснай дзейнасці тэрытарыяльна лакалізаваных юрыдычных і фізічных асоб з намерам стварыць кластар, які нацэлены на развіццё і ўзмацненне канкурэнтаздольнасці яго ўдзельнікаў. А сацыяльна значная ініцыятыва - гэта комплекс мер па падтрымцы дзелавой ініцыятывы для вырашэння якой-небудзь сацыяльнай праблемы, развіцця інклюзіі або пашырэння падтрымкі сацыяльна слабаабароненых груп.

Пілотнымі рэгіёнамі сталі Бярозаўскі і Кобрынскі раёны Брэсцкай вобласці, Браслаўскі і Аршанскі раёны Віцебскай вобласці, Брагінскі, Жлобінскі і Хойніцкі раёны Гомельскай вобласці, Лідскі раён Гродзенскай вобласці, Барысаўскі і Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці, Быхаўскі і Клічаўскі раёны Магілёўскай вобласці.

Прыём заявак праводзіцца ў электронным выглядзе з 5 чэрвеня па 31 ліпеня 2020 года ўключна на сайце конкурсу (https://www.prospring.by/). На падтрымку лепшых кластарных ініцыятыў накіруюць $1,44 млн, а бюджэт для прадпрыемстваў, нацэленых на вырашэнне сацыяльна значных праблем, складзе $1,8 млн.

"Мы хочам падтрымаць ініцыятывы, рэалізацыя якіх дасць эканамічны, сацыяльны і экалагічны эфекты. Бізнес-ідэі павінны быць актуальнымі для той тэрыторыі, дзе плануецца іх ажыццяўленне, устойлівымі, рэалістычнымі і інавацыйнымі. Спадзяёмся, што прапанаваная падтрымка будзе садзейнічаць аднаўленню эканомікі рэгіёнаў у няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі", - растлумачыла дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак. А кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель выказаў надзею, што фінансаванне ініцыятываў не толькі дапаможа ў пераадоленні сацыяльных і эканамічных наступстваў пандэмічнага ўдару, але таксама будзе садзейнічаць вырашэнню доўгатэрміновых праблем найменш абароненых груп грамадства і малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца асновай эканомікі.

"Ініцыятывы, што ўдзельнічаюць у конкурсе, павінны быць накіраваны на вырашэнне канкрэтных задач рэгіянальнага развіцця Беларусі. Яны павінны садзейнічаць мясцоваму ўстойліваму эканамічнаму росту, магчымасці мець дастойную работу, забеспячэнню гендарнай роўнасці, садзейнічаць лічбавізацыі і інавацыям. Мы чакаем ад заяўнікаў нестандартных падыходаў да вырашэння задач у галіне развіцця з выкарыстаннем новых метадаў, ідэй і прадуктаў", - падкрэсліла пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

Як удакладніла спецыяліст праекта па сувязях з грамадскасцю Надзея Сінельнік, праект "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца з 1 лютага 2019 года ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі. Ён прадоўжыцца да 31 студзеня 2022 года. У 2019-м праект правёў конкурс ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва (з бюджэтам $1,32 млн). Пераможцамі сталі 11 ініцыятыў у пілотных раёнах праекта. Гэта цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, бізнес-інкубатары. Рэалізацыя гэтых ініцыятыў дапаможа мясцоваму бізнесу эфектыўней рэагаваць на змяненні эканамічных умоў, выкліканых надзвычайнымі сітуацыямі, як у выпадку з COVID-19. Акрамя таго, новыя ініцыятывы будуць садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў, павышэнню ўстойлівасці бізнесу і павелічэнню колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі