
19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У школе Community Outreach Academy, размешчанай у прыгарадзе сталіцы штата Каліфорнія горада Сакрамента ў зоне кампактнага пражывання славянскай дыяспары, адкрыўся клас беларускай мовы і літаратуры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У школе праходзяць навучанне каля 1 тыс. 300 вучняў ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў, у большасці сваёй гэта дзеці славянскіх імігрантаў, у тым ліку выхадцаў з Беларусі. Колькасць беларускіх дзяцей, якія навучаюцца ў школе, павялічваецца.

Ідэя адкрыцця беларускага класа ўзнікла ў час наведвання школы ў студзені 2016 года беларускай дэлегацыяй, якая знаходзілася ў Каліфорніі з візітам, і была паспяхова рэалізавана дзякуючы намаганням дырэктара школы Ларысы Ганчар, выхадца з Беларусі, і пры садзейнічанні з боку МЗС Беларусі, пасольства ў ЗША і Гродзенскага гарвыканкама, які перадаў школе неабходныя вучэбна-метадычныя матэрыялы.-0-