Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2020, 18:18

Кірычэнка: абавязак сучаснікаў - захаваць спадчыну і зрабіць усё для працвітання Беларусі

26 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Абавязак сучаснікаў - захаваць спадчыну бацькаў і дзядоў, зрабіць усё для працвітання адзінай, моцнай і незалежнай Беларусі. Аб гэтым заявіў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка на ўрачыстым мітынгу і цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў у гонар 77-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пётр Кірычэнка адзначыў, што летапіс Гомеля захоўвае шмат падзей, але менавіта 26 лістапада 1943 года назаўсёды застанецца ў памяці гараджан як сімвал мужнасці і гераізму вызваліцеляў. "Гады ўсё далей аддзяляюць нас ад трагічных падзей ваенных гадоў, але памяць пра тых, хто праліваў кроў на палях бітваў за свабоду і незалежнасць краіны, будзе жыць у стагоддзях. Наш абавязак сёння - захаваць спадчыну бацькаў і дзядоў, зрабіць усё, каб Беларусь і далей заставалася адзінай, моцнай, незалежнай", - сказаў ён.

Мэр падзякаваў ветэранам за квітнеючы Гомель і Вялікую Перамогу, за мір для роднай краіны. Ён пажадаў усім мірнага неба, стабільнасці і поспеху ва ўсіх справах на карысць роднага горада і краіны.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, член прэзідыума гарадскога Савета ветэранаў Аэліта Самсонава з цеплынёй павіншавала гараджан са святам. Яна ўспомніла гады ваенных ліхалеццяў, пажадала гараджанам ніколі не зведаць такіх выпрабаванняў, а таксама здароўя, шчасця і дабрабыту.

Прадстаўнік гомельскай моладзі, спецыяліст інфармацыйнай бяспекі Гомельскай мытні, унук Героя Савецкага Саюза Р.К. Дзенісенкі Кірыл Сергучаў павіншаваў ветэранаў і гамяльчан з 77-й гадавінай вызвалення. "Амаль восем дзесяцігоддзяў мінула з таго часу, калі нашы дзяды і прадзеды, не шкадуючы сваіх жыццяў, абаранялі Радзіму і родны горад. Мой дзед - Герой Савецкага Саюза Рыгор Кірылавіч Дзенісенка ў 21 год пайшоў на фронт. І мы разумеем, якой цаной дасталася гэта Перамога, колькі юнакоў было на той вайне. Але дзякуючы героям-пераможцам мы маем магчымасць жыць і вучыцца ў нашым горадзе над Сожам, працаваць і служыць на карысць незалежнай Беларусі", - падкрэсліў ён.

Памяць вызваліцеляў гамяльчане і госці горада ўшаноўваюць на мітынгах, якія праходзяць у гэтыя дні ва ўсіх раёнах абласнога цэнтра. Так прадстаўнікі ўлады вобласці і горада, ветэраны, працоўныя калектывы, моладзь выказваюць словы ўдзячнасці героям вайны. Сучаснікі знаходзяць розныя спосабы перадаць сваю павагу і прадоўжыць памяць пра герояў.

Так, да Дня вызвалення на сцэне Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра прадставяць спектакль "Усё глушэй музыка вайны". У цэнтры пастаноўкі - лёсы Вялікай Айчыннай вайны, якая скалечыла і абарвала жыцці мільёнаў людзей. Гэта гісторыі пра тое, як пекла вайны закранула простых людзей - землякоў, жыхароў Гомеля і вобласці. Падзеі спектакля пераносяць гледача на вуліцы Гомеля, у яўрэйскія гета часоў акупацыі, у вёску Красны Бераг, у вёску Ала, спаленую карнікамі разам з жыхарамі. У пастаноўцы згадваюць шмат мясцін смутку. Асобная ўвага - партызанам, падпольшчыкам, ваенным, чые імёны маюць вуліцы Гомеля. Пры падрыхтоўцы спектакля выкарыстаны архіўныя матэрыялы з фондаў бібліятэк, асабістых архіваў жыхароў Гомеля, фота- і відэасведчанні розных гадоў, унікальны музычны матэрыял. Спектакль пройдзе на сцэне маладзёжнага тэатра 26 і 27 лістапада.

Гомель стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі войскаў Беларускага фронту. Насельніцтва горада на момант вызвалення складала менш за 15 тыс. жыхароў. Да вайны тут пражывалі больш за 140 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі