Сцяг Чацвер, 11 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2025, 12:47

Кіраўнікі абедзвюх палат парламента выказаліся аб рызыках паўтарэння генацыду і пагрозах сучаснага свету

Наталля Качанава, Андрэй Швед, Ігар Сергяенка
Наталля Качанава, Андрэй Швед, Ігар Сергяенка
11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыні палат Нацыянальнага сходу Беларусі ў сваіх выступленнях у час III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго расказалі аб рызыках паўтарэння генацыду і пагрозах для сучаснага свету, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы атрымалі каштоўныя ўрокі з гісторыі і ўсведамляем, што мір - гэта найвялікшая каштоўнасць, якая патрабуе нашай пастаяннай увагі і рашучых дзеянняў па яе абароне", - сказала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ўвесь свет павінен ведаць праўду аб злачынствах нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, каб дакументальныя сведчанні і расказы відавочцаў служылі надзейным шчытом супраць адраджэння нацызму. "І мы, парламентарыі, разам з прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў з'яўляемся праваднікамі і абаронцамі гістарычнай праўды. Нашы форумы, сустрэчы, якія мы праводзім з моладдзю і выхаванцамі ваенна-патрыятычных клубаў, накіраваны на аб'яднанне людзей і ўмацаванне сувязі паміж пакаленнямі", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. У якасці прыкладу яна прывяла праект "Поезд Памяці", які штогод збірае юных патрыётаў розных нацыянальнасцей, а таксама культурна-адукацыйны форум" Дзеці Садружнасці.

Наталля Качанава заявіла, што нашай моладзі спрабуюць навязаць чужыя каштоўнасці і лжэідэалы, падарваць давер да інстытутаў улады, маніпулююць свядомасцю. "У цяперашніх умовах, калі ідзе адкрытае інфармацыйнае процістаянне, фальсіфікуецца праўда аб гістарычных фактах, мы павінны рашуча спыняць любую спробу скажэння рэчаіснасці, абясцэньвання подзвігу савецкага салдата і шматнацыянальнага савецкага народа, які пазбавіў свет ад карычневай чумы. Менавіта таму ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны абавязак па захаванні гістарычнай памяці і прыняты законы "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" і "Аб генацыдзе беларускага народа", - падкрэсліла яна.

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што нашы гераічныя продкі, якія разграмілі фашызм, верылі, што залажылі трывалыя асновы мірнага развіцця для будучых пакаленняў. "Аднак праз восем дзесяцігоддзяў чалавецтва зноў апынулася на мяжы катастрофы. Гэтаму садзейнічае безадказная рэваншысцкая палітыка заходніх краін. Еўропа актыўна мілітарызуецца, парушаючы ваенны баланс і імкліва набліжаючы глабальны канфлікт.

Пры гэтым у заявах заходніх палітыкаў усё гучней чуваць ідэі нацызму, ксенафобіі і расавай нецярпімасці, што рыхтуе глебу для паўтарэння злачынстваў генацыду і перакрэслівае намаганні тых, хто прымаў Канвенцыю", - сказаў Ігар Сергяенка.

Ён указаў на тое, што наш абавязак - нагадаць свету аб тым, да чаго прыводзяць такія амбіцыі, і замацаваць у свядомасці сучаснікаў справядлівую ацэнку крывавых злачынстваў нацыстаў і іх памагатых, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

"Вынікі расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пакладзены ў аснову нацыянальнай заканатворчасці, маштабнай даследчай, выхаваўчай работы і міжнародных намаганняў па захаванні міру", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў упэўнены, што канферэнцыя стане дастойным укладам у справу захавання памяці аб ахвярах нацызму, умацавання нецярпімасці да любых праяў ксенафобіі, а важкае слова экспертаў у абарону ідэалаў міру і справядлівасці, прынцыпаў чалавечнасці і гуманізму, якія ў аснове Канвенцыі, будзе пачута ў сусветнай супольнасці.

Сёння ў Мінску праходзіць ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. У мерапрыемстве прымаюць удзел вышэйшыя службовыя асобы Беларусі, а таксама прадстаўнікі краін блізкага і далёкага замежжа, уключаючы прадстаўнікоў вучонай супольнасці з Балгарыі, Грузіі, Італіі, Польшчы, Расіі і ЗША.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі