Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 красавіка 2021, 12:45

Кіраўнік Саюза палякаў: у Беларусі кожны можа рэалізаваць сябе незалежна ад нацыянальнасці

13 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі кожны можа рэалізаваць сябе як асобу і пабудаваць кар'еру незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў у Беларусі" дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Сонгін.

"На жыццё ў краіне, асобаснае і прафесійнае станаўленне, кар'еру нацыянальнасць чалавека не ўплывае. Калі грамадзянін Рэспублікі Беларусь незалежна ад этнічнай прыналежнасці выконвае законы, ніякіх да яго пытанняў ні ў дзяржавы, ні ў навакольных не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Сонгін.

Словы пра тое, што правы палякаў у Беларусі ўшчамляюць, на яго думку, беспадстаўныя. "Мне ўжо больш за 50 гадоў. У адносінах да сябе, бацькоў, бабуль, дзядуляў, дзядзькаў і цётак, суседзяў па родных мясцінах, якія таксама палякі, ніколі не адчуваў уціску. Нават не было прычыны задацца такой думкай. Заўсёды дружна жылі на роднай зямлі і не сутыкаліся з нейкай непрыязнасцю", - расказаў Аляксандр Сонгін. На яго думку, кар'ера, магчымасць развівацца залежаць перш за ўсё ад асабістых якасцей чалавека, яго працавітасці, умення вырашаць пастаўленыя задачы, а ніяк не ад нацыянальнасці або веравызнання.

Дэпутат звярнуў увагу, што нямала палякаў сёння працуюць на кіруючых пасадах у розных галінах. Вельмі шмат іх і ў не чужой для Аляксандра Сонгіна сферы адукацыі: раней ён працаваў дырэктарам школы, начальнікам раённага, а потым і абласнога ўпраўлення адукацыі.

"Ні разу не сутыкаўся, каб на прафесійнай ніве дзялілі некага па нацыянальнай прыкмеце. Дарэчы, не праводзіў аналіз, але думаю, што я не адзіны паляк у парламенце. Ці шмат беларусаў з ліку нацыянальных меншасцей за мяжой прадстаўлены ў вышэйшых органах улады тых краін, якія сёння нас крытыкуюць?" - звярнуў увагу Аляксандр Сонгін.

Паводле яго слоў, падтрымцы і развіццю польскай культуры, традыцый, мовы ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Размова як пра буйныя мерапрыемствы, такіх як Фестываль нацыянальных культур у Гродне, фестываль "Паланэз" у Слоніме, свята рамеснікаў "Казюкі", так і лакальныя, але не менш важныя - конкурсы і алімпіяды чытальнікаў польскай паэзіі і знаўцаў мовы, тэматычныя сустрэчы ва ўстановах адукацыі. "Ніхто не забараняе вывучаць польскую мову, выкарыстоўваць яе дома, праспяваць песню падчас свята, культурнага мерапрыемства. На сустрэчах нашага аб'яднання я заўсёды стараюся сказаць некалькі фраз на польскай мове. Дарэчы, цяпер стаў актыўным карыстальнікам польскай бібліятэкі ў Гродне, чытаю кнігі рознай тэматыкі. Ніякіх пытанняў не ўзнікае", - дадаў Аляксандр Сонгін.

Ён падкрэсліў, што пры гэтым палякам ды і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцей не трэба забываць, што ўсе яны перш за ўсё грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Важна шанаваць і захоўваць міжнацыянальны, канфесійны мір і дабрабыт. Некаторым сілам такая сітуацыя, можа, не падабаецца. Усё тое добрае, што напрацоўвалася гадамі і робіцца цяпер, успрымаецца ў штыкі. "На мой погляд, крытыкаваць заўсёды прасцей, чым закасаць рукавы і зрабіць нешта пазітыўнае", - рэзюмаваў дэпутат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі