Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 сакавіка 2023, 11:39

Кіраўнік Калмыкіі: прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва Беларусі - сапраўдны прыклад для многіх расіян

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва Беларусі - сапраўдны прыклад для многіх расіян. Аб гэтым на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік Рэспублікі Калмыкія Бату Хасікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь для нас і асабіста для мяне - брацкая краіна, - заявіў Бату Хасікаў. - Сёння мы наведалі плошчу Перамогі, усклалі вянок і кветкі да мемарыяла, аддалі даніну памяці тым, хто, як вы гэта падкрэсліваеце, загінуў за незалежнасць нашай агульнай вялікай Радзімы, перамогшы фашызм. На сённяшні дзень мы бачым, што новыя парасткі спрабуюць падняць галаву. І тут зноў мы, аб'яднаўшыся, разам, як адзіны кулак, пераможам гэту напасць. У гэтым сумнення няма. Вам вялікі дзякуй за вашу прынцыповую пазіцыю і дэманстрацыю таго духу, які вы і ваша каманда несяце. Для многіх маіх калег і для многіх расіян гэта сапраўды прыклад".

"Цяпер рэалізуецца новы імпульс нашых узаемаадносін. Я рады таму, што нам ёсць ад чаго адштурхоўвацца. У нас ёсць гісторыя адносін, яна як фундамент для далейшага развіцця", - дадаў кіраўнік Калмыкіі.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на адлегласць, якая аддзяляе Беларусь і Калмыкію, народы заўсёды былі блізкімі па духу, сумеснай гісторыі, выхаванні. "Нашы продкі разам абаранялі заваяванні Кастрычніка, атрымалі Вялікую Перамогу ў барацьбе з фашызмам, узнімалі з руін разбураную краіну, здзяйсняючы працоўныя подзвігі. Мы выхаваны мірна ствараць, а не ламаць, - заявіў беларускі лідар. - Гэта нас аб'ядноўвае, робіць мацнейшымі перад усялякімі цяжкасцямі".

Што датычыцца кантактаў з Калмыкіяй, то яны, паводле слоў Прэзідэнта, набываюць усё больш актыўны характар. Дадатковы імпульс гэтаму надаў абмен візітамі дэлегацый у верасні 2022 года, праведзеныя сустрэчы і перагаворы. "Але ўпэўнены, што сапраўдны эканамічны прарыў у нас наперадзе", - сказаў беларускі лідар.

Дэлегацыя Калмыкіі наведвае Беларусь 19-21 сакавіка. Акрамя сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, у яе запланаваны перагаворы з прэм'ер-міністрам Беларусі і міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. Дэлегацыя Калмыкіі наведае Мінскі аўтамабільны завод і Мінскі трактарны завод, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У праграме візіту таксама пасяджэнне сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Калмыкіі.

Дэлегацыя Калмыкіі наведвала Беларусь літаральна месяц таму. У час лютаўскага візіту расійскі бок правёў у Мінску шэраг сустрэч і перагавораў, накіраваных на пашырэнне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, павелічэнне тавараабароту паміж бакамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі