30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія здольны сумесна адысці ад дыктату Захаду ў галіне крытычных тэхналогій. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Рэспублікі Саха (Якуція) Расіі Айсен Нікалаеў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы абавязаны ўсе разам зрабіць так, каб адысці ад дыктату Захаду ў галіне крытычных тэхналогій, - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. - Нашы краіны, я лічу, здольны сумесна рабіць любую тэхналогію, якая наогул у свеце існуе. Галоўнае - было б жаданне, былі б на гэта настроены калектывы, людзі".
Ён звярнуў увагу, што Беларусь здольна закрыць патрэбнасці Якуціі ў асаблівай тэхніцы. Таму развіццё супрацоўніцтва з нашай краінай Айсен Нікалаеў лічыць вельмі важным, асабліва ў частцы паставак прамысловай тэхнікі. У Якуціі, паводле яго слоў, працуюць каля 1,5 тыс. БЕЛАЗаў, звыш 7 тыс. трактароў МТЗ, дарожная тэхніка "АМКАДОР". І пастаўкі гэтай і іншай тэхнікі ў рэгіёне маюць намер прадаўжаць і нарошчваць.
Асаблівая цікавасць з боку Якуціі ёсць да паставак харчовай прадукцыі з Беларусі. Ужо сфарміраваны пералік таго, што неабходна рэгіёну, і супрацоўніцтва па гэтым напрамку будзе развівацца.
Як чалавек, які ўпершыню наведаў Мінск, Айсен Нікалаеў не мог не адзначыць чысціню і парадак на сталічных вуліцах. Тым больш яму, некалі былому кіраўніку горада Якуцк, добра вядома, наколькі складана весці гарадскую гаспадарку і дабівацца такіх вынікаў. "Упэўнены, што ў нашых народаў, якія маюць агульныя гістарычныя каштоўнасці, ёсць вельмі шмат напрамкаў, па якіх мы можам супрацоўнічаць", - падкрэсліў ён.-0-