Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лютага 2024, 15:56

"Кібербяспека ў фінансах": беларускі вопыт барацьбы з дропамі высока ацанілі на Уральскім форуме

Фота Следчага камітэта
Фота Следчага камітэта
21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Екацярынбургу на Уральскім форуме "Кібербяспека ў фінансах" адзначылі станоўчы вопыт беларускіх праваахоўнікаў у барацьбе з дропамі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні лічбавага развіцця Следчага камітэта.

Беларусь прадстаўляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта Сяргей Гамко. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 700 расійскіх спецыялістаў у сферы інфармацыйнай бяспекі. Дзелавая праграма Уральскага форуму складалася з 40 тэматычных секцый і панэльных дыскусій, на якіх разгледжаны праблемныя пытанні процідзеяння махлярству ў крэдытна-фінансавай сферы, спосабы проціборства камп'ютарным атакам і кіберзлачынствам. Удзельнікі форуму ўдзялілі ўвагу пытанням бяспечнага дыстанцыйнага прадастаўлення плацежных паслуг, забеспячэння бяспекі лічбавага асяроддзя і маніторынгу крыптавалютных транзакцый і фінансавай кіберасветы.

Прадстаўнікі банкаўскай сферы і праваахоўных органаў унеслі канкрэтныя прапановы па ўзмацненні барацьбы з падстаўнымі фізічнымі асобамі, банкаўскія плацежныя карткі якіх выкарыстоўваюцца махлярамі для вываду ўкрадзеных сродкаў. Спікеры абмеркавалі станоўчы практычны вопыт прымянення беларускімі праваахоўнікамі нормы заканадаўства, якая прадугледжвае крымінальную адказнасць за незаконны абарот сродкаў плацяжу і інструментаў. "Ёсць вопыт Беларусі, дзе якраз такая праблема была. Яны на заканадаўчым узроўні ўвялі крымінальную адказнасць з пакараннем у выглядзе накладання штрафаў і да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Праблема была вырашана", - адзначыў намеснік старшыні праўлення аднаго з расійскіх банкаў Станіслаў Кузняцоў.

Сяргей Гамко правёў для ўдзельнікаў форуму майстар-клас "Процідзеянне злачынствам, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем віртуальных актываў. Практычны вопыт Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь", на якім расказаў аб прававым рэгуляванні абароту крыптавалюты ў Беларусі і прымяненні распрацаванага ў ведамстве алгарытму вываду і канвертацыі лічбавых актываў. Сяргей Гамко таксама паведаміў пра вынікі расследавання шэрага крымінальных спраў, па якіх у 2022-2023 гадах была спынена дзейнасць ценявых крыптаабменнікаў на тэрыторыі Беларусі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі