Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 жніўня 2017, 13:54

КДК адзначае станоўчую дынаміку ў правядзенні ўборачнай кампаніі

4 жніўня, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю адзначае станоўчую дынаміку ў правядзенні ўборачнай кампаніі ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня КДК Леанід Анфімаў перад пасяджэннем калегіі кантрольнага ведамства па выніках работы ў студзені-чэрвені, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Крыху павялічыліся тэмпы ўборкі, магчыма, за кошт таго, што падключылася Віцебская вобласць. Нарада ў кіраўніка дзяржавы стала моцным імпульсам для актывізацыі работ. Паколькі часу яшчэ няшмат мінула, не скажу, што сітуацыя памянялася кардынальна, але сур'ёзныя зрухі пайшлі ўжо", - адзначыў Леанід Анфімаў.

Разам з тым ён звярнуў увагу на выяўленыя недахопы, у ліку якіх дрэнная падрыхтоўка тэхнікі, факты безгаспадарчасці, невыкананне тэхнічных рэгламентаў. На думку кіраўніка кантрольнага ведамства, мерапрыемствы па тэхнічным абслугоўванні павінны праводзіцца загадзя яшчэ ў зімовы перыяд. "Трэба адыходзіць ад заганнай практыкі падрыхтоўкі тэхнікі непасрэдна перад выхадам у поле", - падкрэсліў Леанід Анфімаў.

Усяго праверана каля 30 працэнтаў сельскагаспадарчых арганізацый рэспублікі, у 26 працэнтах выпадкаў выяўлены недахопы. Кантроль за ходам уборачных работ будзе прадоўжаны, рэйды плануецца праводзіць сумесна з органамі пракуратуры, МУС, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў.

"Усе сілавыя структуры і КДК у комплексе будуць займацца пытаннямі кантролю за своечасовай уборкай ураджаю", - сказаў Леанід Анфімаў.

Старшыня КДК таксама звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння захаванасці сабранага збожжа. На жаль, ёсць выпадкі няспраўнага зернесушыльнага абсталявання, у некаторых гаспадарках збожжа ляжыць пад адкрытым небам. "Такія факты безгаспадарчасці недапушчальныя. Калі будзе ўзбуджана адна, дзве, дзесяць крымінальных спраў, тады, напэўна, гэта навучыць па-гаспадарску падыходзіць да даручанага ўчастка работы", - заўважыў Леанід Анфімаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі