Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 ліпеня 2020, 14:28

Кавальчук: у бліжэйшыя гады ў двух-трох раёнах кожнай вобласці з'явяцца новыя спартыўныя комплексы

8 ліпеня, Навагрудак /Кар. БЕЛТА/. Ва ўсіх абласцях краіны ў бліжэйшыя гады з'явяцца новыя сучасныя спартыўныя аб'екты. Такое меркаванне сёння ў час адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Навагрудку выказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Комплекс, які атрымаў назву "Лідар", узвялі на вуліцы Драздовіча ў маладым і густанаселеным жылым раёне Навагрудка. Новы комплекс уключае спартыўную залу з трыбунамі на 750 месцаў, 25-метровы басейн, трэнажорную і фітнес-залы, спартыўныя памяшканні для заняткаў лёгкай атлетыкай, а таксама кафэ.

"Штогод мы адкрываем некалькі такіх спартыўных збудаванняў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў пачатку гэтага года аналагічны комплекс пачаў працаваць у Астраўцы. Пастаўлена задача, каб у кожным раённым цэнтры былі такія аб'екты", - адзначыў Сяргей Кавальчук. Ён падкрэсліў, што ў кожнай з абласцей у бліжэйшыя пяць гадоў запланавана будаўніцтва як мінімум 2-3 такіх або падобных спартыўных комплексаў. У прыватнасці, у Гродзенскай вобласці фізкультурна-аздараўленчы комплекс з'явіцца ў Слоніме.

Гэтыя аб'екты, паводле слоў міністра, важныя і для развіцця прыярытэтных відаў спорту. Такіх, напрыклад, як плаванне, у якім на Алімпійскіх гульнях разыгрываецца звыш трох дзясяткаў камплектаў узнагарод, а таксама лёгкая атлетыка, футбол, гандбол, валейбол і баскетбол. Умовы даюць магчымасць займацца на базе комплексу ўвесь год.

"Не менш важна і развіццё масавага спорту. Месца для ўзвядзення комплексу выбрана вельмі ўдачна: вакол малады жылы раён, нямала сем'яў з дзецьмі", - адзначыў Сяргей Кавальчук. Ён выказаў упэўненасць, што аб'ект будзе запатрабаваны жыхарамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі