Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 жніўня 2024, 18:46

"Карысна, як рыба, але з іншым смакам". НПЦ па харчаванні аб распрацоўках прадукцыі для дзяцей

Фота з архіва
Фота з архіва
27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб распрацоўках у вытворчасці дзіцячага харчавання расказаў намеснік генеральнага дырэктара "НПЦ па харчаванні" НАН Беларусі Дзмітрый Зайчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў Дзмітрый Зайчанка, Навукова-практычны цэнтр па харчаванні ажыццяўляе навуковае суправаджэнне ўсёй харчовай прамысловасці рэспублікі і асаблівую ўвагу ўдзяляе распрацоўцы прадуктаў для дзіцячага харчавання.

Так, гаворачы аб распрацоўках, ён адзначыў, што цяпер цэнтр удзяляе ўвагу стварэнню методыкі выяўлення фальсіфікаванай сокавай прадукцыі. "Тэхналогіі не стаяць на месцы і некаторыя нядобрасумленныя вытворцы, на жаль, прыходзяць да такіх спосабаў, як фальсіфікацыя сокавай прадукцыі. Мы працуем над гэтым пытаннем", - адзначыў намеснік гендырэктара.

Працуе НПЦ і над вырашэннем пытання, як замяніць рыбу, якая з'яўляецца важным элементам харчавання для дзяцей, але так не падабаецца многім з іх. "Намі вядзецца навукова-даследчая работа па аналізу элементнага саставу рыбных прадуктаў і магчымага фарміравання прадуктаў, заменнікаў або аналагаў рыбы. Яны валодалі б тымі ж карыснымі ўласцівасцямі, як рыба, але не мелі таго смаку, які не ўсім дзецям падабаецца", - расказаў Дзмітрый Зайчанка.

Ён адзначыў, што больш за 80 працэнтаў прадстаўленай у магазінах прадукцыі для дзяцічага харчавання выраблена айчыннымі вытворцамі. Асартымент вялікі: мясная і малочная прадукцыя, кісламалочныя прадукты і шмат іншага. Для дзяцей распрацаваны і ўкаранёны цэлы асартымент спецыялізаваных хлебабулачных і мучных кандытарскіх вырабаў. Выпускаецца і разнастайная сокавая прадукцыя, кансервы на агародннінай аснове, хутказамарожаная агародніна і ягадныя сумесі, пюрэ на аснове агародніны і фруктаў. "Вялікай папулярнасцю літаральна з мінулага года, у тым ліку ў арганізацыі харчавання ў школах, карыстаюцца соусы і кетчупы для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Прычым увесь створаны асартымент гэтай прадукцыі адпавядае крытэрыям якасці, бяспекі і харчовай каштоўнасці спецыялізаваных прадуктаў харчавання для гэтай групы з максімальным захаваннем карысных уласцівасцей свежай сыравіны", - адзначыў намеснік гендырэктара.

Ён падкрэсліў, што айчынныя прадпрыемствы зацікаўлены ў асваенні выпуску спецыялізаванай прадукцыі для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. "Такая прадукцыя выпускаецца, ёсць на паліцах нашых магазінаў і пастаўляецца на экспарт", - адзначыў Дзмітрый Зайчанка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі