Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 снежня 2021, 13:15

Карпенка ў новым статусе кіраўніка ЦВК мае намер захаваць адкрытасць і публічнасць

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ігар Карпенка, назначаны сёння старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, мае намер на новай пасадзе захаваць той жа стыль работы, які быў уласцівы яму пры кіраванні Міністэрствам адукацыі, - быць адкрытым і публічным. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка адзначыў, што з выбарчым працэсам знаёмы не па чутках, у 2006, 2010, 2015 гадах яму ўжо даводзілася прымаць актыўны ўдзел у рознай якасці ў выбарчых кампаніях. Напрыклад, ён узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію.

У якасці кіраўніка ЦВК Ігар Карпенка павінен арганізаваць маштабную выбарчую кампанію - рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю. "Неабходна будзе арганізаваць работу па заканадаўчым замацаванні тых навацый, якія з'явяцца. Напрыклад, старшыня ЦВК можа па-іншаму выбірацца, чым цяпер. Будуць, магчыма, іншыя змяненні, якія запатрабуюць сур'ёзнай, грунтоўнай прапрацоўкі, у тым ліку з тэрыторыямі, усімі зацікаўленымі галінамі ўлады, каб адбудаваць выбарчую сістэму адпаведным чынам", - сказаў ён. Гэту дзейнасць ён лічыць адказнай, сур'ёзнай і карпатлівай і таму будзе знаходзіцца ў кантакце з Лідзіяй Ярмошынай, якая ўзначальвала Цэнтрвыбаркам на працягу доўгага часу.

Што датычыцца стылю работы на новай пасадзе, то Ігар Карпенка мае намер захаваць тую адкрытасць, публічнасць, якая была ўласціва яму на пасадзе міністра адукацыі, але, зразумела, у тых рамках, якія дапушчальны па заканадаўстве.

"Знаходзячыся на пасадзе міністра адукацыі, я быў даволі адкрытым, былі магчымасці і дастукацца, і задаць нейкія пытанні. Па-мойму, я не крыўдзіў ніводны з тэлеканалаў, - адзначыў ён. - Мы стараліся асвятляць тую дзейнасць, якая адбывалася. А чым будзе адрознівацца работа (у новым статусе кіраўніка ЦВК. - Заўвага БЕЛТА)? Публічнасць работы камісіі відавочна", - адзначыў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, новае назначэнне было для яго вельмі нечаканым, і пакуль ён не мае намеру поўнасцю пакідаць сферу адукацыі. "Я педагог ушчэнт. Усё роўна я бачу, што адбываецца вакол, маю стасункі, - растлумачыў ён. - Той зачын, які зроблены, павінен спрацаваць на далейшае развіццё сістэмы адукацыі. Тут галоўнае - не страціць той тэмп, які мы задалі на педагагічным савеце".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі