Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 красавіка 2022, 16:55

Карпенка: створана рабочая група па ўнясенні змяненняў у выбарчае заканадаўства

5 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана рабочая група па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства. Аб гэтым паведаміў журналістам у Брэсце перад сустрэчай з членамі тэрытарыяльных і ўчастковых камісій і актывам вобласці старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прынятыя на рэферэндуме змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю - платформа для далейшага ўдасканалення заканадаўства. Па Выбарчым кодэксе ўжо створана рабочая група. Разам з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў мы працуем ужо ў гэтым напрамку, падключылі рэгіёны", - сказаў старшыня ЦВК.

Разам з тым Выбарчы кодэкс звязаны з іншымі заканадаўчымі актамі. Так, сваё адлюстраванне ў ім павінен знайсці закон аб Усебеларускім народным сходзе, рыхтуецца закон аб структурах грамадзянскай супольнасці. "Мы сур'ёзна прааналізавалі практыку прымянення заканадаўства. Дарэчы, Прэзідэнт даваў нам гэта даручэнне ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. Я думаю, што некаторыя пытанні могуць быць вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы для абмеркавання, таму што неабходна будзе прыняць пэўныя палітычныя рашэнні", - адзначыў Ігар Карпенка.

У якасці прыкладу ён прывёў Адзіны дзень галасавання, механізм якога неабходна выпрацаваць. Ёсць шмат нюансаў, якія трэба адрэгуляваць і прыняць адпаведныя рашэнні. "Напрыклад, у парламент у нас выбіраюць выключна грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а мясцовыя Саветы выбіраюцца ў тым ліку з удзелам грамадзян Расіі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Як фарміраваць спісы? Усе гэтыя нюансы мы павінны выбудаваць дакладна, зразумела для суб'ектаў выбарчай кампаніі - і тым, хто вылучае кандыдатаў, і тым, хто арганізуе выбары", - падкрэсліў кіраўнік ЦВК.

Гэту работу, паводле яго слоў, неабходна завяршыць да сярэдзіны 2023 года - прыкладна за паўгода да Адзінага дня галасавання, які плануецца правесці ў апошні дзень лютага 2024 года.

Ігар Карпенка падзякаваў членам тэрытарыяльных і ўчастковых камісій і актыву Брэсцкай вобласці за прафесійную і якасную работу ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, уручыў падзякі старшыні ЦВК. На сустрэчы, праведзенай у фармаце дыялогавай пляцоўкі, удзельнікі абмеркавалі праблемныя пытанні, прапановы і напрацаваныя практыкі, якія пакуль не знайшлі свайго адлюстравання ў нарматыўна-прававой базе.

Цяпер Ігар Карпенка сустракаецца з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі БрДУ імя А.С.Пушкіна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі