Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 кастрычніка 2024, 09:08

Карпенка расказаў, ці хопіць часу на падрыхтоўку да выбараў

 

Ігар Карпенка. Скрыншот відэа "Беларусь 1"
Ігар Карпенка. Скрыншот відэа "Беларусь 1"
24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў, ці хопіць часу на падрыхтоўку да выбараў.

Адказваючы на пытанне аб тым, што тыя, хто сядзяць за межамі краіны, гавораць, што мала часу на падрыхтоўку да выбараў, Ігар Карпенка адзначыў, што так гавораць людзі, якія не разумеюць, што такое выбарчы працэс. "Правёўшы адну выбарчую кампанію або ўдзельнічаючы ў адной з выбарчых кампаній, ты павінен ужо рыхтавацца да наступнай. Так робіць Цэнтральная выбарчая камісія - мы правялі адзіны дзень галасавання, мы прааналізавалі вынікі гэтага дня, правялі работу над памылкамі, правялі вялікі семінар. Любы кандыдат у дэпутаты або ў Прэзідэнты, калі ён меў намер удзельнічаць у выбарах, гэта пытанне не вырашае за некалькі дзён пасля аб'яўлення даты выбараў. Гэтым трэба было займацца ўжо нават не год і не два таму, а як мінімум пяць гадоў таму", - сказаў ён.

На пытанне ці змогуць прыняць удзел у выбарах тыя, хто знаходзіцца ў Польшчы, старшыня ЦВК падкрэсліў, што ўсё залежыць ад выканання пэўных патрабаванняў. "У выбарчым заканадаўстве ёсць патрабаванні, напрыклад, да цэнзу аседласці, да ўзросту, да адсутнасці судзімасці і пагашанай, і непагашанай (што датычыцца кандыдатаў у Прэзідэнты), таксама кандыдат у Прэзідэнты не павінен мець грамадзянства замежнай дзяржавы, не павінен мець дакументаў, якія прадастаўляюць ільготы на тэрыторыі замежных дзяржаў па рэлігійнай, нацыянальнай прыкмеце. Калі такі грамадзянін знаходзіцца за межамі нашай краіны і хоча прымаць удзел у выбарах Прэзідэнта ў якасці кандыдата, то, па-першае, ён павінен сюды прыехаць, зарэгістраваць ініцыятыўную групу, якая павінна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў грамадзян за вылучэнне такога кандыдата. Калі ён будзе падпадаць пад усе гэтыя крытэрыі, якія вызначаны выбарчым заканадаўствам, то ён мае права ўдзельнічаць у выбарах. Але калі нейкія з гэтых пунктаў невыканальныя, чалавек не можа адпавядаць гэтым пунктам, ён не можа быць кандыдатам у Прэзідэнты", - праінфармаваў Ігар Карпенка.

Адбудзецца пасяджэнне ЦВК. "Мы прымем каляндарны план выбарчай кампаніі, які дасць магчымасць усім суб'ектам і ўдзельнікам выбарчай кампаніі бачыць асноўныя этапы яе правядзення, тэрміны тых ці іншых працэдур, якія неабходна ажыццяўляць у адпаведнасці з заканадаўствам. Таксама мы растлумачым парадак вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, парадак фарміравання тэрытарыяльных камісій, зацвердзім метадычныя рэкамендацыі для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій. Дарэчы, метадычныя рэкамендацыі ў нас ужо былі гатовы недзе паўгода таму, нам цяпер толькі застаецца паставіць адпаведныя даты і здаць гэтыя матэрыялы. Яшчэ задоўга да выбарчай кампаніі мы пачалі працэс навучання патэнцыяльных арганізатараў выбараў. Нам неабходна, каб усё ж такі ў выбарчым працэсе былі задзейнічаны людзі адказныя, прафесіянальныя, юрыдычна падкаваныя, якія маюць пэўны вопыт гэтай работы, таму мы вельмі сур'ёзна ставімся да падбору і расстаноўкі людзей, якія павінны працаваць у складзе камісій. Таму гэта вельмі адказная і сур'ёзная работа, улічваючы, што гэтыя людзі, як правіла, працуюць на грамадскіх пачатках, у свабодны ад асноўнай работы або вучобы час, таму яны павінны валодаць усімі тымі неабходнымі якасцямі для таго, каб аднастайна прымяняць заканадаўства і выконваць усе тыя працэдуры, якія патрабуе заканадаўства ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам", - канстатаваў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі